Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гудагаі завяршыліся юбілейныя ўрачыстасці
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.07.2014 17:27

19-20 ліпеня ў Гудагаі aдбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. У гэтым годзе парафіяльны касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі адзначае 250 гадоў з часу асвячэння. Гудагайскія ўрачыстасці сабралі шматлікіх вернікаў Астравеччыны і іншых мясцін нашай краіны, шанавальнікаў Панны Марыі, якія праслаўляюць Маці Божую Шкаплерную, носячы кармэлітанскі шкаплер.

У святой Імшы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскi візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архiмандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі манс. Філіпа Чампанэлі.

Ад імя прадстаўнікоў мясцовай раённай улады ўсiх святароў, прадстаўнікоў жаночых i мужчынскiх інстытутаў кансэкраванага жыцця, вернікаў, прыбылых з розных дыяцэзій Беларусі і з-за мяжы прывітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.


Гудагай — прыстанішча і асалодa

У Гудагай кожны год прыбываюць тыя самыя, хто быў тут раней і стаў сведкаю супакою. Прыбываюць сюды і зусім новыя людзі, але не выпадковыя, бо яны ведаюць, чаму яны сюды едуць, пераадольваючы сотні кіламетраў, — яны едуць да Марыі.

Правінцыяльны дэлегат Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых у Беларусі a. Аркадзь Куляха адзначыў: «На працягу 250 гадоў маленькі касцёл у Гудагаі быў сведкам шматлікіх цудаў, але вернікі прыбываюць сюды не толькі дзеля асаблівых ласкаў аздараўлення. Тут знаходзяць прыстанішча і асалоду тыя, хто хоча пакланіцца Найсвяцейшай Маці і ў цішыні малітвы паразмаўляць з Богам. Іншыя, зачараваныя прыгажосцю мясцовай прыроды, шукаюць адпачынку ад штодзённасці, каб аднавіць свае жыццёвыя сілы».

Галоўную Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На пачатку Імшы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі прачытаў дэкрэт аб устанаўленні гудагайскай святыні санктуарыем Маці Божай Шкаплернай.


Позірк Марыі — крыніца духоўнай моцы


Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевiч, вітаючы прыбылых гасцей, зазначыў: «Мы хочам падзякаваць Пану Богу праз заступнiцтва Яго Мацi за гэтае месца, якое прыцягвае шматлiкiх пiлiгрымаў, захапляе сваёй цiшынёй i малiтоўнай атмасферай. Xочам прыгадаць ўсе пакаленнi людзей, якiя ў гэтым месцы планавалi сваё жыццё, кармiлiся Божым словам, удзельнiчалi ў сакрамэнтальным жыццi Касцёла i аддана трывалi на малiтве».

Таксама біскуп Гродзенскі падзякаваў айцам кармэлітам, якiя «з вялiкiм запалам нясуць служэнне ў гэтым месцы i ва ўсёй краiне, за гасцiнны прыём i за ўсе працы, звязаныя з арганiзацыяй урачыстасцi».

«Ордэн братоў кармэлітаў у свой час быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі многіх краін, а таксама на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Сёння ён мае сваіх прадстаўнікоў як у мужчынскіх, так і ў жаночых кармэлітанскіх супольнасцях», — адзначыў бiскуп Кашкевiч. 

Законнікі і законніцы гэтай манаскай супольнасці заахвочвалі нашых продкаў да вернасці Богу, Евангеллю, Касцёлу праз нашэнне шкаплера і праз вернае выкананне абавязкаў хрысціяніна ў штодзённым жыцці, а таксама адданне пашаны Найсвяцейшай Панне Марыi.

«Няхай сённяшняя малiтва ў гэтым месцы напоўнiць нашыя сэрцы радасцю ад сустрэчы з нашай Мацi, i няхай Яе позiрк станецца для ўсiх нас крынiцай духоўнай сiлы, дапаможа нам яшчэ больш адкрыцца на збаўчае дзеянне Божай ласкi», — заклікаў біскуп Аляксандр Кашкевiч.



Гамілію прамовіў біскуп Алег Буткевіч, у якой звярнуў увагу на значэнне шкаплера: «Шкаплер — гэта знак. У чым яго моц? Шкаплер, які носім на сабе, крые моц заслугаў усяго закона, яго практык і малітваў, прысвячэнняў і пакутаў. Шкаплер захоўвае ўвесь закон кармэлітаў. Гэта вялікая таямніца».

Напрыканцы біскуп Алег Буткевіч заклікаў, каб «напачатку людзі шукалі Божага Валадарства, бо ўсё астатняе будзе дадзена». Іерарх адзначыў, што «Бог не шкадуе нам дапамогі ў штодзённым жыцці, але прагне, каб мы памяталі, для чаго Ён нас стварыў і да чаго сёння кліча».

Напрыканцы Імшы да прысутных звярнуўся сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі манс. Філіпа Чампанэлі: «Перад пачаткам Імшы я быў у касцёле, каб таксама памаліцца перад абразом. І я павінен прызнацца, што маліўся мала, бо не мог засяродзіцца(…) Я глядзеў на вашыя твары, на якіх бачыў радасць, надзею, нейкія просьбы, але перадусім — веру. Я быў вельмі шчаслівы і ўзрушаны, а потым падумаў: калі так узрушаны я, то як тады ўсхвалявана Багародзіца?»

Таксама да ўдзельнікаў літургіі звярнуўся са словамі пажадання архімандрыт Сяргей Гаек.

Браты кармэліты босыя падзякавалі ўсім за ўдзел у свяце, якое аб’яднала сотні людзей у адну вялікую сям’ю. Айцы кармэліты заахвоцілі прысутных прыязджаць у Гудагай заўсёды, бо менавіта тут можна знайсці хвіліну цішыні і супакою на малітве, пабыць сам-насам з Богам і Яго Маці.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.