Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для маці семінарыстаў прайшлі ў Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.07.2014 11:03

18-20 ліпеня ў будынку Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне адбыліся ўжо традыцыйныя рэкалекцыі для мам навучэнцаў гэтай навучальнай установы. На свае рэкалекцыі прыбыло 10 маці. Менавіта іх дзеці вырашылі прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу, Касцёлу і людзям. Прыняцце такога рашэння для маладога хлопца — вельмі адказны крок, які патрабуе моцнай веры. Для маці — гэта цяжкі шлях малітвы і аддання Нябеснаму Айцу свайго сына.

На пачатку сустрэчы біскуп Юзаф Станеўскі, які з'яўляецца рэктарам семінарыі прывітаў жанчын, выказваючы словы падзякі маці, якія ахвяравалі сваіх сыноў на служэнне Касцёлу. Падчас рэкалекцый мамы бралі ўдзел у канферэнцыях, якія прамаўляў духоўны айцец семінарыі, удзельнічалі ў розных набажэнствах. Таксама мамы дзяліліся ўласным досведам і прыкладам таго, як яны суправаджаюць сваіх сыноў на шляху святарскага паклікання.

Падчас рэкалекцый наведалі катэдральны касцёл, дзе адбылася малітва каля абраза Маці Божай Кангрэгацкай.

На другі дзень рэкалекцый мамы наведалі санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Там яны прынялі ўдзел у Крыжовым шляху і святой Імшы, падчас якой паслухалі канферэнцыю духоўнага айца.

Рэкалекцыі скончыліся ў нядзелю, дзе маці прынялі ўдзел у святой Імшы ў касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне, пасля чаго мамы алюмнаў вярнуліся да штодзённых абавязкаў. Гэтыя дні рэкалекцый былі напоўнены малітвай у інтэнцыі сваіх сыноў і сямей. Таксама мамы алюмнаў маліліся аб новых пакліканнях да службы ў касцёле.

кл. Раман Вайцяховіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.