Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для сем’яў прайшлі ў Навагрудку
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.07.2014 18:05
У гэтым годзе рэкалекцыi для сем’яў ў Навагрудку, арганізаваныя сёстрамі з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, прайшлі з 14 па 20 лiпеня.
Колькасць удзельнікаў была рэкорднай за ўсе пяць гадоў іх правядзення — прысутнічала каля 60 чалавек (разам з дзецьмі). Сем’і прыехалі з розных куткоў Беларусі: Мінска, Гродна, Наваполацка, Смаргоні і Навагрудка.

Ксёндз Мікалай Ціхановіч, які ўжо не ўпершыню праводзіць гэтыя рэкалекцыі і добра ведае многія сем’і, быў духоўным кіраўніком і ў гэты раз. Разважанні на тэму духоўнага аздараўлення на шляху да сапраўднай унутранай свабоды і жыцця ў ласцы дзеяння Духа Святога, злучаныя з асабістым сведчаннем нашага пастыра, аказалі асаблівае ўздзеянне на кожнага.

У тэматычных канферэнцыях і гаміліях кс. Мікалай звяртаў асаблівую ўвагу на тое, што сёння свету патрэбныя святыя сем’і, святыя святары, проста святыя хрысціяне, каб перажыць усеагульны маральны і эканамічны крызіс. Святар адзначыў, што станавіцца святымі немагчыма без духоўнага, унутранага аздараўлення і аднаўлення веры ў святым Духу, які робіць сем’і свабоднымі, шчаслівымі і здольнымі любіць не толькі сяброў, але перадусім непрыяцеляў.

Падчас рэкалекцый удзельнікі вучыліся быць адной сям’ёй — перажывалі адзін за аднаго, дапамагалі ў патрэбе, выконвалі розныя абавязкі разам і, канешне ж, разам маліліся. Сумеснае прабыванне было напоўнена рознымі цікавымі момантамі, якія давалі магчымасць лепш пазнаць адзін аднаго, падзяліцца досведам, а таксама адпачыць са сваімі роднымі ў атмасферы малітвы, радасці і любові. Адпачынак на возеры Свіцязь і вясёлы вечар каля вогнішча з каўбаскамі і забавамі асабліва прыйшоўся даспадобы дзецям.

Напрыканцы ўдзельнікі падзякавалі сёстрам-назарэтанкам за арганізацыю рэкалекцый, за тое, што кожны год адкрываюць дзверы свайго кляштара для сем’яў, а таксама кс. Мікалаю Ціхановічу і яго айцоўскую апеку, а асабліва за яго шчырую і моцную малітву ў інтэнцыі сем’яў.

Яўгенія Раткевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.