20 ліпеня ў мясцовасці Баравікоўшчына, што недалёка ад Івянца, адбылася святая Імша з нагоды успаміну мучаніцкай смерці благаслаўлёных айцоў францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, якія былі замучаныя разам са сваімі парафіянамі 19 ліпеня 1943 года.
Да гэтага месца прыйшлі дзве пілігрымкі з Пяршаяў і Івянца, агульная колькасць удзельнікаў якіх склала каля 400 асоб. Апрача тых, хто прыйшоў пешшу, да малітвы далучыліся і вернікі з бліжэйшых ваколіц, якія прыехалі на аўтамабілях.
Айцец Лех Баханэк OFMConv адзначыў, што прысутнасць гэтых пілігрымаў з’яўляецца сведчаннем таго, што памяць пра мучаніцкую смерць святароў жыве дагэтуль.
Айцы францішкане Ахілес Пухала і Герман Стэмпень, якія аддалі сваё жыццё падчас ІІ Сусветнай вайны, у 1999 годзе разам з мучанікамі іншых краін свету былі ўзнесены да хвалы алтароў Святым Айцом Янам Паўлам ІІ.
Айцец Юзаф Ахілес Пухала быў пробашчам у Пяршаях. Раней працаваў вікарыем у Гродне ў касцёле Маці Божай Анельскай. У Пяршаях за паўстанне ў суседнім Івянцы гестапа арыштавала шмат парафіянаў. Каменданту нямецкай жандармерыі, які хацеў даць пробашчу і вікарыю, айцу Каралю Герману Стэмпеню, магчымасць выратавацца, мужныя францішканцы адказалі, што «пастыры не могуць пакінуць вернікаў». Яны далучыліся да арыштаваных і 19 ліпеня 1943 г. былі замучаныя ў гумне ў вёсцы Баравікоўшчына.
Калісьці ахвярныя святары не пакінулі сваіх вернікаў, а сёння вернікі не пакідаюць таго ахвярнага месца, дзе адбывалася сведчанне, што «няма большай любові, як жыццё сваё аддаць за сяброў сваіх».
(AYU)
|