У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для хлопцаў, прысвечаныя распазнанню паклікання. Каб паразважаць над сваім пакліканнем, у семінарыю прыехалі 38 маладых людзей.
У першы дзень рэкалекцый адбылася сустрэча з удзелам рэктара семінарыі дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, духоўных айцоў, навучэнцаў семінарыі і юнакоў. Падчас сустрэчы ўдзельнікі распавялі пра сябе.
“Мы пытаемся: як жыць у сённяшнім свеце? Як правільна паступаць? Трэба зрабіць прыпынак і запытаць сябе, што я стаўлю на першае месца, якія прыярытэты, - сказаў падчас размовы біскуп Юзаф Станеўскі. - Трэба перазагрузіцца! У кожнага свая дарога, але гэтая дарога павінна быць накіравана да Крыніцы, якой з’яўляецца Езус”. Іерарх пажадаў маладым людзям, каб кожны з іх на рэкалекцыях адчуў Божую любоў, якая ёсць у кожным сакрамэнце, адчуў дотык Бога, каб потым у паўсядзённым жыцці быць здольнымі перадаваць гэты дотык.
Духоўныя айцы заахвоцілі, каб кожны знайшоў час памаліцца асобна, каб пагаварыць з Езусам, як са сваім сябрам, задумацца над сваім жыццём, задаць сабе пытанні: ці правільна я паступаю? Ці правільнай дарогай іду?
Першы дзень рэкалекцый завяршыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У праграме рэкалекцый былі штодзённая святая Імша, малітвы, канферэнцыі, адпачынак, праца ў групах, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, размова са святаром. Рэкалекцыі сталі найбольш спрыяльным часам, каб паглыбіць веды і ўзбагаціць сваё духоўнае жыццё.
Другі дзень пачаўся з малітвы. Пасля сняданку ўсе накіраваліся ў санктуарый Маці Божай Яснагурскай у Капцёўцы, дзе хлопцы прынялі ўдзел у Крыжовым шляху, які правёў прэфект семінарыі кс. Віталій Сідорка, і ў святой Імшы, якую цэлебраваў рэктар семінарыі біскуп Юзаф Станеўскі.
“Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас…” – гэтымі словамі распачаў гамілію біскуп. “Калі мы хочам больш пазнаць Пана, то трэба быць чалавекам малітвы, бо толькі праз малітву мы пазнаем Бога, - адзначыў іерарх. - Трэба зрабіць пастанову, каб быў час на асабістую малітву, на размову з Панам. Трэба пастарацца знайці хвіліну на роздум аб Божай любові ў сваім жыцці”. “Адкрыйце сэрцы на Хрыста! Жывіце словам Божым! Сённяшні свет патрабуе сведкаў Хрыста, якія скажуць пра сапраўдную Радасць… Прасіце Маці Божую, каб Яна ўзяла вас пад сваю апеку”, - заклікаў біскуп, а таксама заахвоціў хлопцаў зрабіць сабе пастанову: дзесяць хвілін у дзень вылучыць на асабістую малітву, размову з Езусам.
Пасля абеду хлопцы мелі час на спартыўныя гульні. Пасля ўдзельнікі сабраліся на супольную малітву і канферэнцыю, якую падрыхтаваў кс. Валерый Быкоўскі. Затым былі сустрэчы ў групах, якія правялі семінарысты. Навучэнцы семінарыі дзяліліся з хлопцамі думкамі аб малітве ў сваім жыцці, кожны меў магчымасць выказацца. Потым былі падведзены вынікі сустрэч у групах, некаторыя прадставілі іх праз малюнкі і тэатральныя пастановы.
Увечары маладыя людзі прынялі ўдзел у адарацыі Святога Крыжа ў семінарыйным вячэрніку.
На пачатку трэцяга дня ўдзельнікі сабраліся ў галоўным месцы семінарыі – капліцы, дзе адбыліся ранішняя малітва, разважанне над Божым словам і святая Імша, якую цэлебраваў духоўны айцец кс. Тадэвуш Крыштопік. У гаміліі святар звярнуў увагу хлопцаў на дабрыню сэрца і расказаў казку на гэтую тэму: у адной каралевы нарадзілася дачка. Каралева сабрала ўсіх добрых чараўніц, каб яны начаравалі яе дачцэ скарбаў. Першая чараўніца дала ёй прыгажосць, другая – прыгожыя вочы, трэцяя – славу, чацвёртая – багацце. Але каралева была незадаволена, бо ўсё гэта хутка мінае. Яна падышла да дачкі, паклала ёй на сэрца руку і сказала: “А я даю табе дабрыню. Бо дабрыня ніколі не прападзе, яе ніхто ніколі не забярэ, і ты зможаш дзяліцца ёю”. Як было адзначана, каб мець добрае сэрца, трэба ўмець перамагаць свой эгаізм на кожным кроку, а святар павінен мець добрае сэрца і дзяліцца дабрынёй з людзьмі.
Пасля сняданку хлопцы дзяліліся ў групах словам, над якім разважалі падчас ранішняй медытацыі.
Удзельнікі рэкалекцый пабывалі таксама на Аўгустоўскім канале, дзе ў іх была магчымасць паплаваць, пакатацца на катамаранах, былі спартыўныя гульні і вясёлыя забавы. Раман Вайцяховіч, AG
|