Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў Імшу для ўдзельнікаў назарэтанскай пілігрымкі «Гродна-Навагрудак» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
30.07.2014 10:58 |
29 ліпеня 2014 г. дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу для ўдзельнікаў V пешай назарэтанскай пілігрымкі «Гродна-Навагрудак». Пілігрымка ў 71-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка вырушыла 26 ліпеня і працягнецца да 31 ліпеня.
У гаміліі іерарх звярнуўся да пілігрымаў і падзякаваў ім за тое, што яны даюць людзям магчымасць прыняць Хрыста. “Кожны турбуецца пра свой лёс, пра хлеб штодзённы. Прымаючы вас, дарагія пілігрымы, на начлег, людзі тым самым прымаюць Хрыста”, - падкрэсліў біскуп.
Іерарх звярнуў увагу на сітуацыю ва Украіне ў гэты момант. “Молімся за тых, хто замест ружанцаў узяў у рукі аўтаматы і кулямёты”, - сказаў біскуп. Таксама была ўзгадана адна ўкраінская пілігрымка, якая, нягледзячы на баявыя дзеянні, ідзе цяпер да аднаго з санктуарыяў у ахопленым вайной раёне.
71-я гадавіна мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія ў гады вайны аддалі жыццё за бацькаў сем'яў і кс. Аляксандра Зянкевіча, будзе адзначацца 1 жніўня 2014 г. Сястра Марыя Стэлла і дзесяць іншых сясцёр былі расстраляны 1 жніўня 1943 г. у лесе каля Навагрудка.
Паводле grodnensis.by (AG) Фота grodnensis.by
|