З 31 ліпеня на 1 жніўня 2014 г. у фарным касцёле Навагрудка прайшло малітоўнае чуванне ў 71-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак. У чуванні прыняў удзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У час вайны, 1 жніўня 1943 г., сястра Марыя Стэлла і дзесяць іншых сясцёр былі расстраляны ў лесе каля Навагрудка, аддаўшы жыццё за бацькаў сем'яў і кс. Аляксандра Зянкевіча.
«Прайшло больш за сем дзесяцігоддзяў з моманту мучаніцкай смерці бл. Сястры Стэллы і яе 10 сябровак, а памяць аб святасці іх жыцця не прамінае, і тут, у месцы іх апошняга служэння ў назарэтанскай супольнасці, і ў месцы пераходу з зямнога жыцця ў вечнасць”, - адзначыў у гаміліі падчас чування біскуп Антоні Дзям’янка. Па словах іерарха, благаслаўлёныя назарэтанкі, падобна ўсім людзям, кожны дзень здзяйснялі свой выбар і змаглі дасягнуць вяршыні дасканаласці, якая выразілася у словах настаяцельніцы ў крытычную хвіліну: “Божа, калі патрэбна такая ахвяра, прымі яе ад нас, вольных ад сямейных абавязкаў. А няхай застануцца пры жыцці бацькі сем’яў, настаўнікі, медыкі, святары, якія больш патрэбныя навагрудскаму грамадству”.
Благаслаўлёныя законніцы з Навагрудка, як адзначыў пінскі ардынарый, з’яўляюцца для сучасных хрысціян прыкладам таго, “якія прыярытэты трэба ставіць у жыцці, каб шчаслівая вечнасць была і нашым удзелам”. “На жаль, сусветная тэндэнцыя грамадства спажывальніцтва нярэдка як адзіную норму поспеху падае фінансавае забеспячэнне, не ўлічваючы ахвярнасці, сілы малітвы і дабрачыннасці, чым найперш кіраваліся бл. сястра Стэлла і 10 яе сябровак у жыцці і манаскім служэнні”, - дадаў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што для хрысціяніна “выключным забеспячэннем з’яўляецца Бог”, а адзіны верагодны банк – гэта “Нябесны Банк”, “валютай” якога з’яўляюцца вера і добрыя ўчынкі. Па словах біскупа, памылковым з’яўляецца збіранне толькі зямных каштоўнасцяў, а не дбанне пра вечныя, а вечныя каштоўнасці – гэта малітва, пост і міласціна.
“Важна звяртацца ў малітвах да Пана, а не толькі давярацца прагматычным фінансавым разлікам. Можа, мы не заўважаем, колькі добрага ў нашым жыцці зрабіла малітва”, - адзначыў біскуп. Не менш важнам жыццёвым укладаннем іерарх назваў пост, які “выражае Божы заклік да адрачэння ад усяго, што перашкаджае нам быць па-сапраўднаму шчаслівымі”. Трэцяя жыццёва важная “інвестыцыя” ў вечнасць – гэта, па словах пінскага ардынарыя, міласціна. “Бог вяртае ў сто разоў больш, калі даеш у Яго імя, - сказаў біскуп. - Мы не можам быць сляпымі у адносінах да іншых людзей, нашых бліжніх. Мы маем абавязак звароту сродкаў тым, каму ў гэтым свеце даводзіцца горш”.
Біскуп звярнуўся таксама да пілігрымаў, нагадаўшы, што ў гэтым годзе Касцёл у Беларусі перажывае Год веры ў рамках падрыхтоўкі да святкавання юбілею аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, і адзначыўшы, што на працягу пешай пілігрымкі яны сведчылі пра сваю веру і адданасць Пану Богу, “молячыся нагамі”, і сярод разнастайных магчымасцяў, якія адкрывае летні час, абралі пілігрымку, зрабіўшы такім чынам важную “інвестыцыю” ў вечнасць.
Іерарх пажадаў, каб заступніцтва сясцёр-мучаніц дапамагло вернікам яшчэ больш умацавацца ў веры, няспынна трываць у малітве, вызваляцца праз пост і міласціну ад ілюзій матэрыяльнага свету і дапамагаць бліжнім на шляху да сапраўдных і вечных каштоўнасцяў, за якія аддалі жыццё благаслаўлёныя сёстры з Навагрудка. (AG)
|