1 жніўня 2014 г. з гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі вырушыла XIII пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. У пілігрымцы ўдзельнічаюць больш за 160 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і з іншых дыяцэзій Беларусі — у тым ліку з Гомеля.
Наймалодшы ўдзельнік пілігрымкі – Аляксандр, якому год і два месяцы. Дэвіз пілігрымкі – “Чаго мне яшчэ не хапае?”. Падчас дарогі вернікі будуць разважаць над фрагментам Евангелля пра багатага маладога чалавека.
Пілігрымка пачалася Імшой у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў удзельнікаў прысвяціць час пілігрымкі толькі Богу, які можа даць чалавеку сапраўднае шчасце. Таксама біскуп папрасіў моладзь не змарнаваць гэты час ласкі, якім з’яўляецца пілігрымка, але сапраўды пастарацца пачуць голас Хрыста, які кожны дзень прамаўляе да чалавека.
Гамілію падчас Імшы прамовіў кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч. Узгадваючы евангельскі аповед пра багатага маладога чалавека, святар адзначыў: “Яго пытанне сведчыць пра тое, што ён не думае толькі пра зямное жыццё, але што для яго таксама важнае, а можа, і важнейшае, жыццё вечнае. І ён хоча ведаць, што павінен зрабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця”.
“Шмат людзей сёння не думае пра вечнае жыццё, пра збаўленне… Дзеянні маладога чалавека са Святога Пісання кажуць нам ставіць пытанне пра вечнае жыццё, думаць пра мэту жыцця, якой з’яўляецца збаўленне… Малады чалавек прыходзіць з гэтым пытаннем да самога Езуса, да Таго, які мае найлепшыя “рэцэпты” для жыцця”, - дадаў святар. Кіраўнік пілігрымкі заахвоціў вернікаў памятаць, што “адзіным сэнсам і мэтай чалавека з’яўляецца Бог, да якога мы імкнемся праз штодзённае пілігрымаванне”, і пажадаў ім вярнуцца з гэтай пілігрымкі “ўнутрана перамененымі, каб перамяняць свет”.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне Імшы ўдзяліў пілігрымам пастырскае благаслаўленне і папрасіў маліцца аб мірным вырашэнні канфлікту ва Украіне і на Святой Зямлі, а таксама занесці да ног Езуса Журботнага ўсе справы і інтэнцыі Касцёла на Гродзеншчыне.
У першы дзень задачай пілігрымаў было прайсці больш за 45 км, і, хоць дарога нялёгкая, ім спрыяе добрае надвор’е. Вернікаў пачаставалі смачным абедам парафіяне з Квасоўкі разам з пробашчам кс. Янам Занеўскім, а на начлег дзверы сваіх дамоў адчыняць ім парафіяне з Вялікіх Эйсмантаў.
Таксама ў гэты дзень удзельнікі пілігрымкі выслухалі канферэнцыю на тэму таго, што найбольш патрэбна чалавеку ў жыцці, якую падрыхтаваў духоўны айцец пілігрымкі кс. Антоні Абухоўскі. Санктуарый Езуса Журботнага, гістарычная святыня, размешчаны ў Росі
прыкладна ў 75 км ад Гродна. У галоўным алтары санктуарыя знаходзіцца
цудатворная 400-гадовая фігура Езуса Журботнага, якая прыцягвае да сябе
шматлікіх пілігрымаў.
(JM), (AG)
|