3 жніўня 2014 г. у Гродне адбыліся ўрачыстасці 350-годдзя з часу перанясення цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай (Снежнай) у катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя. Урачыстую Імшу ў гродзенскай катэдры ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Перад урачыстай Імшой адбылася працэсія з абразом Маці Божай Кангрэгацкай ад рэктаральнага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі да катэдральнага касцёла, якую ўзначаліў біскуп Антоні Дзям'янка. У межах духоўнай падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў з 31 ліпеня па 2 жніўня ў катэдральным касцёле праходзілі спецыяльныя малітвы, а ў ноч з 2 на 3 жніўня - малітоўнае чуванне.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў вернікам за тое, што яны ўшаноўваюць Маці Божую Кангрэгацкую, што католікі Гродна і наваколля прыходзяць да Яе, каб памаліцца. Дзякуючы за гэтую прывязанасць вернікаў да Маці Божай, іерарх заахвоціў іх і далей звяртацца да Яе, бо Яна, па словах гродзенскага ардынарыя, заўсёды спяшаецца, каб быць побач са сваімі дзецьмі.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў у гаміліі падчас Імшы гісторыю абраза Маці Божай Кангрэгацкай, які з’яўляецца копіяй цудатворнага абраза “Salus Рopuli Romani” (“Уратаванне рымскага народа”) з базылікі Маці Божай Вялікай (Santa Maria Maggiore) у Рыме. Гісторыя распавядае, як адзін з рымскіх патрыцыяў і Папа Ліберый бачылі сон, у якім Марыя папрасіла іх пабудаваць касцёл у тым месцы, дзе выпадзе снег. І 5 жніўня 352 г. у Рыме сапраўды выпаў снег. Гэта стала пачаткам будаўніцтва велічнай святыні Маці Божай Вялікай. У гэтай базыліцы знаходзіцца цудатворны абраз Божай Маці з Езусам на руках, які называецца абразом уратавання рымскага народа, бо рымляне шмат разоў падчас розных няшчасцяў і эпідэмій маліліся перад ім і насілі яго ў працэсіях, каб пазбегнуць няшчасцяў, і так заўсёды адбывалася.
Мітрапаліт нагадаў, што існуе шмат копій гэтага абраза, і адна з іх знаходзіцца ў гродзенскай катэдры. Яна была прывезена айцамі дамініканамі з Рыма ў XVII стагоддзі і перададзена Канцлера Вялікага княства Літоўскага Альбрэхту Станіславу Радзівілу, а потым знайшлася ў в. Кульбакі пад Гродна. У 1664 г. яна была перададзена кангрэгацыі студэнтаў у Гродне, якая знаходзілася пры езуіцкай калегіі. Вельмі хутка гродзенскі абраз быў прызнаны цудатворным.
Па словах арцыбіскупа, 350 гадоў прабывання абраза ў Гродне – гэта гады росквіту Касцёла і яго пераследу. Іерарх распавёў сабраным вернікам пра часы, калі вучыўся ў школе і калі 28 гадоў у гродзенскім фарным касцёле не было святара, аднак вернікі ўтрымлівалі касцёл, рамантавалі, плацілі падаткі і не дазволілі, каб ён быў знішчаны, як гэта сталася з Вітальдавай фарай.
Адным з фактараў таго, што касцёл захаваўся, арцыпастыр назваў культ Маці Божай Кангрэгацкай. “Да Марыі цягнуліся вернікі і прасілі Яе быць уратаваннем гродзенскага народа, як Яна стала для рымлянаў, - дадаў іерарх. - Людзі маліліся і верылі ў моц малітвы. Калі вернікі прасілі аб пастаянным святары, то ўпаўнаважаны па справах рэлігіі казаў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым у гродзенскай фары будзе святар. Малітва і настойлівасць вернікаў былі выслуханы”.
Мітрапаліт узгадаў, што ў 1988 г. ён быў прызначаны першым пасля 28 гадоў пробашчам гэтай парафіі. У якасці аднаго з прыярытэтаў сваёй дзейнасці ён вызначыў аднаўленне культу Маці Божай Кангрэгацкай. Гэта асабліва праявілася ў 1989 г., калі была арганізавана адмысловая навэнна з нагоды 325-годдзя прыбыцця абраза ў Гродна і 9 суботаў запар перад святам Маці Божай Кангрэгацкай адбываліся адмысловыя набажэнствы. Навэнна, па словах арцыбіскупа, стала новым веяннем Духа Святога. Іерархў дадаў, што ёй прымалі ўдзел вялікія натоўпы вернікаў, набажэнства ўзбагачвалі фанфары і прыгожыя спевы, што выклікала ў многіх слёзы на вачах, бо людзі бачылі, як усё змяняецца.
“Так сталася, што падчас трывання гэтай навэнны Святы Айцец Ян Павел II прызначыў мяне першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі. Гэтым прызначэннем я ўдзячны Марыі. Яна, як Маці адкупленага Божага люду, заўсёды клапацілася аб лёсе сваіх духоўных дзяцей і, як я ў гэта веру, у адпаведны час выпрасіла для мяне ў Бога ласку поўні святарства, каб духоўна адраджаць давераны маёй пастырскай апецы народ”, - сказаў Мітрапаліт.
Па словах арцыпастыра, у яго біскупскім гербе нездарма знаходзяцца тры ліліі – сімвалы Марыі, і гэта тры марыйныя святыні, з якімі ён моцна звязаны: Вострая Брама, Маці Божая Анёльская з францішканскага касцёла ў Гродне, як яго парафіяльнага касцёла, дзе ён таксама быў пробашчам, і Маці Божая Кангрэгацкая.
Кажучы, што сёння народ Божы дзякуе Марыі за Яе прысутнасць у Гродне на працягу 350 гадоў, Мітрапаліт адзначыў: “Гэта не так шмат у гісторыі хрысціянства, але вельмі шмат у гісторыі Касцёла на нашай зямлі. Падчас ганенняў на Касцёл Марыя ў абразе Маці Божай Кангрэгацкай стаяла разам з вернікамі пад крыжом, дапамагаючы ім, каб яны не страцілі надзеі. Сёння іншыя часы, часы свабоды веравызнання і адначасова часы новых выпрабаванняў. Сёння таксама патрэбна дапамога Марыі, каб у часы новых выклікаў, калі свет залівае хваля секулярызму і чалавек жыве так, як быццам Бога зусім няма, сказаць Богу “так”, як учыніла Марыя. Жыццё без Бога не мае сэнсу, бо тады чалавек з’яўляецца часткай броўнаўскага руху, без канкрэтнага напрамку і ідэі. Ён страчвае Божае падабенства, паводле якога быў створаны, і не ажыццявіць сваіх мараў”.
Па словах арцыбіскупа, “Марыя ў часы атэізму была са сваімі духоўнымі дзецьмі”, і “сёння, у часы свабоды веравызнання, Яна застаецца з намі, каб быць нам прыкладам”. “Можа, нам здаецца, што ўжо нічога нельга змяніць, што наступае духоўная катастрофа. Гэта не так. Неабходна браць прыклад з Марыі і згаджацца з Божай воляй, - дадаў іерарх. - Марыя згадзілася з ёй і дала пачатак ажыццяўленню Божага плану збаўлення. Мы можам сабе ўявіць, як Ёй было цяжка выказаць згоду з Божай воляй”.
Кажучы таксама пра цудоўны ўлоў рыбы, апісаны ў Евангеллі, арцыбіскуп нагадаў: “Хрыстус кажа Пятру выплысці на глыбіню і закінуць сеці. Пётр, які быў дасведчаным рыбаком, кажа, што яны лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі. Ён разумее, што днём, калі горача, рыба не бярэ. Аднак яго вядзе дух паслухмянасці, і ён закідвае сеці і ловіць шмат рыбы. Падобным чынам і мы павінны паступаць. Неабходна памятаць, што ў хвіліны выпрабаванняў Марыя з намі, як была пад крыжам свайго Сына”.
Мітрапаліт завяршыў гамілію малітоўным заклікам да Марыі, каб Яна “і далей паказвала, што з’яўляецца нашай Маці, і была выратавальніцай нашага люду”.