З 1 па 3 жніўня 2014 г. праходзіла XIII пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. “Чаго мне яшчэ не хапае?” – такім быў дэвіз пілігрымкі, у якой удзельнічалі больш за 240 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Гомеля і Баранавіч.
Нягледзячы на непрацяглы час – два дні – пілігрымка была для ўдзельнікаў нялёгкай. У першы дзень вернікі прайшлі каля 47 км.
На пачатак пілігрымкі адбылася ранішняя Эўхарыстыя ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч папрасіў удзельнікаў маліцца за мір у свеце, адзначыўшы, што сёння гэты мір неабходны ў многіх кутках зямнога шару, а таксама папрасіў маліцца за моладзь – “нашу будучыню”, падкрэсліўшы, што толькі той малады чалавек, які выхаваны на хрысціянскіх каштоўнасцях, можа змяніць аблічча зямлі.
Акрамя гэтых інтэнцый, у кожнага пілігрыма былі і свае ўласныя, якія вернікі прадставілі міласэрнаму Богу, з верай, што толькі Ён можа даць чалавеку сапраўднае шчасце.
Малітоўны дух еднасці
Пешая пілігрымка з Гродна ў Рось, якая праходзіць па традыцыі ў першыя дні жніўня, мае сваю атмасферу – атмасферу еднасці, братэрства, супольнасці, – якую ствараюць самі ж пілігрымы. У ёй пануе перакананне, што кожны для цябе брат і сястра. Таму тут не бывае канфліктаў, непаразуменняў. Кожны гатовы даць бліжняму кубак халоднай вады, прамовіць добрае слова, учыніць хаця б дробны жэст любові. Удзельнікаў злучае малітва, якой навучыў сваіх вучняў Езус Хрыстус, - “Ойча наш”, падчас яе пілігрымы бяруцца за рукі, і адчуваецца моц супольнасці, вялікай сям’і, у якую кожны – маючы свае духоўныя, інтэлектуальныя адметнасці, - прыносіць частку сябе.
Простыя жэсты любові
Шлях пілігрымаў праходзіць праз розныя мясцовасці, малыя вёскі. Па дарозе вернікі сустракаюць сотні людзей – некаторых выпадкова, а некаторыя спецыяльна выходзяць насустрач пілігрымам. Асабліва ў людзей старэйшага веку, калі бачаць моладзь, што крочыць са спевам на вуснах, заўважаецца шмат радасці ад таго, што сёння нарэшце настала свабода для рэлігіі і моладзь шукае Бога.
Узрушваюць таксама сустрэчы каля прыдарожных крыжоў, дзе часта збіраецца ўся вёска ці ваколіца. Пілігрымам рыхтуюць шчодры пачастунак. Супольная малітва пілігрымаў і мясцовых жыхароў становіцца нагодай пахіліць калені нават для тых, хто, можа, даўно не быў у касцёле.
Варта адзначыць, што ў арганізацыі пілігрымкі прынялі ўдзел шмат людзей. Без дапамогі трох святароў і трох семінарыстаў пілігрымка не мела б адпаведнага духу. Дзякуючы святарам многія ўдзельнікі змаглі прыступіць да сакрамэнту пакаяння, адказаць сабе на пытанне, якое было дэвізам пілігрымкі, - “Чаго мне яшчэ не хапае?”. Святары давалі парады, дапамагалі ў вырашэнні жыццёвых пытанняў і праблем. Семінарысты ўносілі ў гэты шлях радасць і давалі моладзі прыклад, што варта прысвяціць жыццё Богу.
Прыемныя ўспаміны засталіся ва ўдзельнікаў ад парафій, у якіх яны спыняліся, і святароў, якія там служаць. Пачастункі, начлегі, разуменне, гасціннае прыняцце – гэта дадавала ім сіл, каб ісці наперад.
Удзельнікі пілігрымкі вярнуліся пасля яе заканчэння дадому, прайшоўшы доўгі шлях, апаленыя гарачым сонцам. Але скончаная пілігрымка не азначае заканчэнне жыццёвага пілігрымавання: яно працягваецца, бо штодзённа вернікі крочаць на працу, вучобу, вяртаючыся да пытання: “Чаго мне яшчэ не хапае?” Напэўна, усё ж такі нам яшчэ не хапае адвагі, не хапае веры... Тут прыгадваецца рэфрэн з песні:
“За тое, што так мала люблю, за тое, што так мала служу, за тое, што так мала веру, - прашу прабачэння ў Цябе!”
Кс. Юрый Марціновіч, кіраўнік пілігрымкі Гродна – Рось
|