2-3 жніўня 2014 г. дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі прыняў пілігрымаў з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі і прадстаўнікоў іншых дыяцэзій. У санктуарый прыйшла вялікая пешая пілігрымка з Гродна (больш за 240 чалавек), пешыя пілігрымкі са Свіслачы, Ваўкавыска і Шылавіч, прыбылі пілігрымы і ў індывідуальным парадку.
Найбольш узрушваючым для вернікаў з’яўляецца момант уваходу ў санктуарый і хвіліна асабістай малітвы, калі кожны можа даверыць Богу свае справы. Не менш узрушваючым быў і той момант, калі перад уваходам у святыню гродзенскія пілігрымы ляглі крыжам на асфальце.
2 жніўня ў санктуарыі адбыліся святая Імша і чуванне. Падчас чування з канферэнцыяй да прысутных звярнуўся кусташ санктуарыя кс. Чэслаў Паўлюкевіч, які заахвоціў вернікаў адкрыцца на Божае дзеянне, каб Дух Святы пранікаў у іх сэрцы кожны дзень і вёў іх.
На адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту пілігрымы маліліся аб узрастанні веры ў народзе, аб міры ў свеце. Перад фігурай Маці Божай Каралевы Супакою, устаноўленай каля санктуарыя, быў прамоўлены акт даручэння.
Галоўная ўрачыстасць адбылася ў Росі 3 жніўня. Перад Імшой да сабраных звярнуўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. “Мы прыходзім у гэты санктуарый, дзе Езус Журботны вучыць нас слухацца Божай волі, вучыць, як мы павінны прымаць нашы цярпенні, а таксама як павінны разумець, прымаць адзін аднаго”, - сказаў іерарх, пажадаў, каб гэтыя ўрачыстасці сталі для ўсіх нагодай прыняць новыя задачы і крыніцай новай радасці, і падзякаваў усім пілігрымам за сведчанне веры і прывязанасць да Касцёла.
Імшу ўзначаліў кс. др Раман Катлімоўскі. У гаміліі, узгадваючы пра дэвіз пілігрымкі Гродна – Рось – “Чаго мне яшчэ не хапае?”, – святар адзначыў, што на ўзор апосталаў трэба даверыцца Богу, пайсці за Ім.
“Вы ішлі ў Рось, пакідаючы на шляху кроплі веры, - дадаў святар, звяртаючыся да пілігрымаў. – Вы праслаўлялі Бога спевам, а прыйшоўшы, хацелі пакланіліся Яму і хоць крыху вызваліцца ад цярнёвай кароны, хоць на хвіліну зняць пурпуровы плашч, хоць на хвіліну дыхнуць подыхам Пана, які нас да канца палюбіў, ніколі на нас не гневаецца і радуецца, калі аддаем Яму грахі. Тады Ён нас ачышчае, благаслаўляе, прытуляе, як марнатраўнага сына, дае сандалі ласкі, плашч прабачэння, каб мы не стамляліся на шляху веры, надзеі і любові, каб ніколі не вялі дыялог з грахом”.
Як адзначыў святар, у гэтым месцы, дзе ўжо больш за 400 гадоў прысутнічае цудатворная фігура Езуса Журботнага, кожнаму пілігрыму варта звярнуцца да Хрыста словамі: “Зрабі мяне вольным, дакраніся да мяне! Дапамажы пілігрымаваць згодна з воляй Твайго Айца”.
Урачыстасці завяршыліся канцэртам гурта «MAJ» з парафіі ў Квасоўцы, які прынёс сваім спевам шмат радасці.
З кожным годам у Рось прыбывае ўсё больш пілігрымаў. Санктуарый Езуса Журботнага стаў для вернікаў месцам, дзе яны могуць адчуць асаблівую прысутнасць Бога, знайсці духоўны адпачынак ад штодзённых справаў. Аб развіцці культу Езуса Журботнага сведчыць і зацікаўленасць пешымі пілігрымкамі да гэтага месца.
Кс. Юрый Марціновіч
|