4 жніўня 2014 г. удзельнікі сёлетняй пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі, якая праходзіла 1-3 жніўня, сабраліся на святой Імшы падзякі за пілігрымку ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч.
У пілігрымцы прымалі ўдзел вернікі з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі. Стала ўжо традыцыяй, што пасля вяртання дадому ўдзельнікі маюць магчымасць падсумаваць час пілігрымкі і выказаць Богу ўдзячнасць за яе.
Падчас Імшы кс. Юрый Марціновіч узгадаў пра св. Яна Марыю Віянэя, якога Касцёл успамінаў у гэты дзень. Прыгадваючы адзін эпізод з жыцця гэтага святога, кіраўнік пілігрымкі адзначыў, што кожны чалавек павінен указваць іншым шлях да Бога, падкрэсліўшы, што найлепей гэта рабілі пілігрымы падчас дарогі.
Удзельнікі літургіі маліліся за ўсіх, каго сустракалі на сваім шляху, хто прымаў іх на начлег, частаваў, хто малітвай і ахвярай падтрымаў гродзенскую пілігрымку.
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч у гаміліі сказаў, што “жыццё чалавека – гэта пастаянная пілігрымка”, і заклікаў асабліва маладых людзей імкнуцца да вызначанай мэты. “Для таго, каб у жыцці нечага дасягнуць, трэба старацца, прыкласці шмат намаганняў, бо само нічога да чалавека не прыйдзе”, - адзначыў святар.
Па словах кс. Юзафа Трубовіча, пілігрымка — гэта “ахвяра з саміх сябе”, якую кожны з удзельнікаў прынёс Езусу Журботнаму, чыя цудатворная фігура знаходзіцца ў Росі з 1618 г.
Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы. На сцэне каля касцёла прагучалі падзякі ўсім, хто клапаціўся аб добрым і бяспечным ходзе пілігрымкі, а таксама святарам і семінарыстам, якія ў ёй удзельнічалі, за духоўную апеку. Пілігрымы шчыра ўдзячныя арганізатарам, тым, хто дапамагаў у правядзенні пілігрымкі, парафіяльным супольнасцям, якія прымалі іх на абед, частавалі і адчынялі ім дзверы сваіх дамоў.
Вечар працягнуўся танцамі і спевамі, праз якія вернікі праслаўлялі Бога і дзякавалі Яму за пілігрымку, а завяршыўся малітвай і благаслаўленнем.
Традыцыйная аплатковая сустрэча ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Гродна – Рось адбудзецца 26 снежня.
Iаланта Марцулевiч, сакратар пілігрымкі
|