Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для мужчын адбыліся ў санктуарыі ў Тракелях
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.08.2014 11:45

З 8 па 10 жніўня 2014 г. у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях прайшлі рэкалекцыі для мужчын пад кіраўніцтвам кс. Віктара Ханько. На рэкалекцыі з’ехаліся мужчыны з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі – у асноўным удзельнікі руху “Мужчыны св. Юзафа” з Гродна, Ліды, Мінска, а таксама з Віцебска, Свіслачы, Шчучына, агульнай колькасцю 22 чалавекі.

Рэкалекцыі праходзілі ў сяброўскай, братэрскай атмасферы, удзельнікі хутка аб’ядналіся, злучаныя прагненнем лепш пазнаць Бога, наблізіцца да Яго, стаць сапраўды Божымі мужамі.

На пачатку мужчын папрасілі распавесці, з якой мэтай яны прыбылі на рэкалекцыі і якія іх чаканні. Адказы былі рознымі, вось некаторыя з іх:

Эдуард: “Хачу атрымаць штосьці новае ў адносінах з Богам. Паспрабаваць даведацца, чаго Пан хоча ад мяне. Пабыць з Богам сам-насам”.

Сцяпан: “Адкрыцца на Бога. Хачу імкнуцца быць такім, як святы Юзаф, і прыпадабняцца да яго”.

Улад: “Стаць сталым мужчынам. Сапраўдным хрысціянінам, Божым чалавекам”.

Валянцін: “Атрымаць адказы на пытанні, якія мяне цікавяць”.

Сяргей: “Асаблівых чаканняў няма, бо можна расчаравацца. Хачу паглядзець на іншых мужчын у Касцёле. Якія яны, мужчыны-хрысціяне. Мне не хапае айцоўскіх адносінаў, і тут на асабістых сведчаннях і ў малітвах хачу зразумець гэта і прыняць”.

Дзяніс: “Не было ніякіх чаканняў. І не хацеў сюды ехаць. Проста спантанна вырашыў паглядзець, што сабой уяўляе мужчына-хрысціянін”.

Анатоль: “Я хацеў, каб Пан прабудзіў новае прагненне Яго, умацаваў маю веру і даў мне новых сіл у супрацьстаянні граху і маім слабасцям”.

Ксёндз Віктар Ханько: “Добрых вынікаў для мужчын, каб Пан Бог наблізіў іх да сябе”.

На працягу трох дзён удзельнікі рэкалекцый праслухалі чатыры канферэнцыі, прысвечаныя любові Бога, збаўленню ў Хрысце, ролі Духа Святога і Маці Божай у духоўным жыцці верніка, прыкладу святога Юзафа для мужчын, штодзённа ўдзельнічалі ў святой Імшы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, у групах дзялення.

“Атмасфера рэкалекцый была неверагодная, - распавёў удзельнік рэкалекцый Анатоль Канарскі. - Дарослыя мужчыны ўсіх узростаў, прафесій і захапленняў, рознага сямейнага стану разам маліліся, спявалі, разважалі над Божым словам і дзяліліся самымі таемнымі перажываннямі і сведчаннямі са свайго жыцця. Адчувалася Божая прысутнасць, панавала братэрская любоў і павага адзін да аднаго, пастаянна адчувалася ўзаемная падтрымка, якая часта неабходна ў жыцці. Не было месца для пошласцяў, мату, непрыстойных жартаў, якія, на жаль, так часта спадарожнічаюць мужчынскім кампаніям. Кожны мужчына перажыў штосьці новае ў адносінах з Богам, многія атрымалі адказы на свае пытанні. З рэкалекцый кожны ад’язджаў адноўленым, больш свабодным, некаторыя атрымалі аздараўленне сваіх адносінаў з бацькам”.

“Я перажыў новыя адносіны з Айцом, Езусам і Духам Святым. Пан Бог дапамог мне ўзняць з глыбіняў майго сэрца мае праблемы і слабасці, праз Духа Святога, паказаў, як мне дзейнічаць далей, - працягвае Анатоль Канарскі. – Ён аднавіў мае адносіны з сям’ёй, я паглядзеў на яе па-новаму (як жа я не заўважаў таго цуду, які даў мне Пан?!). Я зноў прыняў Езуса Хрыста як свайго Пана, перажыў Яго дотык і Яго прысутнасць у нашых малітвах. І ў пэўны момант я заплакаў, і з гэтымі слязьмі з мяне выходзіла ўсё нячыстае, што было ўва мне, вызваляючы ў маёй душы месца для Пана. Гэта былі слёзы раскаяння і радасці, што Пан побач і адказвае на мае малітвы. Такія моманты перажывалі многія”.

“Таксама на гэтых рэкалекцыях я ўбачыў жывых, шчырых мужчын-хрысціян, якія не саромеюцца сваёй веры, любові да Пана, не саромеюцца казаць пра Бога. Я шчыра радаваўся, што ў мяне ёсць такія браты ў Хрысце, - дадае Анатоль. – Хачу ад усёй душы падзякаваць ксяндзу Віктару за гэтыя рэкалекцыі, за яго сапраўды айцоўскую апеку, шчырую малітву за нас і за нашы сем’і, за яго любоў да нас. І ўсім тым, хто разам са мной перажыў гэты благаслаўлёны час – дзякуй!”

(AG)


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.