Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
16.08.2014 15:49 |
15 жніўня 2014 г. у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адбылася адпустовая ўрачыстасць, якая аб’яднала шматлікіх вернікаў і запрошаных святароў. Таксама ў гэты дзень парафіяне развітваліся са сваім пробашчам кс. Алегам Жураўскім SDB, які па загаду настаяцеляў скіроўваецца ў Смаргонь.
За тры з паловай гады працы ў Дзятлаве кс. Алег Жураўскі дапамог з аднаўленнем знешняга аблічча святыні, абвяшчаў Божае слова, накіроўваючы парафіянаў на шлях Хрыстовай любові і дапамагаючы адчуць Божую прысутнасць. Разам са сваім пробашчам вернікі Дзятлава змаглі яднацца ў малітве падчас перэгрынацый рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус і заснавальніка супольнасці салезіянаў св. Яна Боско.
У гаміліі кс. Алег Жураўскі закрануў шлях дзеяння Марыі ў біблійных сюжэтах, звярнуў увагу на адметную духоўную рысу Маці Божай: пакору і звычайны стыль жыцця святой дзяўчыны з Назарэта.
Пасля Імшы адбылася святочная працэсія, затым прагучалі падзякі пробашчу. Хвалюючым момантам стаў падарунак-верш, прысвечаны кс. Алегу Жураўскаму. Напрыканцы вернікі праспявалі песню ўдзячнасці.
Паводле sdb.by
(AG) Фота sdb.by
|