Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка з Беластока ў Вільню на сваім шляху зрабіла прыпынак у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.08.2014 15:01

Больш за 350 чалавек з усёй Польшчы, у тым ліку дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрык Цярэшка, 18 жніўня 2014 г. дасягнулі Гродна ў пешай пілігрымцы ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай. Пілігрымы вырушылі з Беластока 16 жніўня, у санктуарый Маці Міласэрнасці ў Вільні прыбудуць 24 жніўня.

У Гродне пілігрымаў прывіталі на пабернардынскім узгорку, яны прынялі ўдзел у Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама жыхары Гродна, якія прыйшлі, каб супольна памаліцца і прыняць пілігрымаў на начлег, і пілігрымы з Беларусі, якія далучыліся да групы раніцай 19 жніўня, – больш за 70 чалавек з розных куткоў краіны.

Біскуп Генрык Цярэшка ў сваім слове падкрэсліў, што пілігрымка – асаблівы час, калі можна зведаць прысутнасць Бога і ўнутраную змену. Іерарх прыгадаў, што Вострая Брама – месца, куды пілігрымавалі цэлыя пакаленні вернікаў і куды яны крочаць таксама і сёння, як іх продкі, каб маліцца перад абразом Маці Міласэрнасці.

Сёлетняя беластоцкая пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай праходзіць пад дэвізам “Хто верыць, ніколі не самотны”. Як паведаміў, распавядаючы пра яе асаблівасці, кіраўнік пілігрымкі кс. Лукаш Жук, у гэтым годзе ўдзельнікі жадаюць дзякаваць за кананізацыю Папы Яна Паўла ІІ. Новым элементам пілігрымкі з’яўляюцца папскія гаміліі і катэхезы. “Разам з Янам Паўлам ІІ мы разважаем над Дэкалогам, паколькі большасць пілігрымаў належыць да таго пакалення, якое памятае нашага Папу, зведвае Божую моц і яго ласку”, - адзначыў святар.

Спецыфіку беластоцкай пілігрымцы ў Вільню надае тое, што сярод удзельнікаў католікі з розных куткоў Польшчы і свету – у тым ліку з Варшавы, Кракава, Гдыні, Гданьска, Любліна, з ЗША, Даніі, – а таксама прадстаўнікі розных веравызнанняў.

На працягу 9 дзён пілігрымы пераадолеюць каля 300 км, ідучы праз тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. Два этапы пілігрымкі праходзяць праз Польшчу, чатыры дні вернікі ідуць праз Беларусь і тры – праз Літву. Самы кароткі этап пілігрымкі складае 21 км і ахоплівае трасу з Кузніцы Беластоцкай да Гродна, самы доўгі – 44 км – праходзіць па Беларусі, з Новага Двара да Радуні. Па традыцыі мінулых гадоў удзельнікі наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія знаходзяцца на іх шляху.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.