Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Педагогі з парафій Ліды і Шчучына наведалі Польшчу (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.08.2014 23:47
Галіна Ермалаела і Алена Снапко дзеляцца ўражаннямі пра паездку ў Варшаву, Кракаў  і Чэнстахову, якую для педагогаў з Ліды і Шчучына арганізавалі айцы-піяры.
 
З нецярпеннем чакалі свайго заслужанага летняга адпачынку многія настаўнікі і выхавацелі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (мікрараён Індустрыяльны) у Лідзе, а таксама іх калегі са шчучынскай парафіі Святой Тэрэзы Авільскай. Для іх айцы-піяры –  а. Ян Асіповіч, а.  Андрэй Агель, а. Вітальд Пяцельчыц – арганізавалі падарожжа ў Польшчу.
 
Вось і Варшава сустракае падарожнікаў…
 
Перш за ўсё мы наведалі Санктуарый Маці Божай Настаўніцы Моладзі ў Варшаве, дзе падчас Імшы мы маліліся аб благаслаўленні на наш шлях. Затым мы наведалі Стары горад. Безумоўна, візітная картка Варшавы – яе Каралеўскі дварэц, таму і не дзіўна, што знаёмства са Старым горадам турысты пачынаюць з Замкавай плошчы, дзе і размешчаны Каралеўскі дварэц. Фасад пабудовы хоць і аформлены даволі сціпла, яе інтэр’ер па-сапраўднаму раскошны.
 
У цэнтры ж плошчы ўзвышаецца калона, прысвечаная каралю Сігізмунду. Таксама на рыначнай плошчы, якая з’яўляецца адным з самых любімых месцаў для прагулак як гараджан, так і турыстаў, знаходзіцца скульптура Русалкі – сапраўднага сімвала Варшавы, выяву якой можна знайсці і на гярбе горада.
 
Жыццё на Рыначнай плошчы «кіпіць»: процьма вулічных музыкантаў і мастакоў, сувенірных лавак, невялічкіх галерэй і крамаў.
Далей наш шлях ляжаў у кірунку Лавіча, дзе адбылася сустрэча з дырэктарам піярскай школы, які распавёў нам пра сістэму навучання ў гэтай школе, а пасля зладзіў экскурсію. Усе класы тут маюць сучаснае абсталяванне, што, бясспрэчна, станоўча ўплывае на атрыманне глыбокіх ведаў.
 
На наступны дзень наш шлях быў накіраваны да Чэнстаховы – рэлігійнай сталіцы Польшчы.
 
Галоўная славутасць Чэнстаховы – цудатворны абраз Маці Божай, якую таксама называюць Чорнай Мадоннай. Мы былі вельмі ўзрушаны магчымасцю ўдзельнічаць ў св. Імшы, якая была цэлебравана нашымі айцамі менавіта каля галоўнага алтара. Штосьці асаблівае ўскалыхнулася ў кожнага ўнутры, калі адкрываўся абраз Маці Божай. Напэўна, кожны ў гэтую хвіліну, суцішыўшы дыханне, глядзеў на абраз, звяртаючыся з просьбамі да Маці Божай – некаторыя выказвалі падзяку, а напрыканцы мы абышлі абраз Маці Божай на каленях.
 
Два дні было адведзена Кракаву і яго наваколлю. Наведванне саляной шахты ў Бохніі застанецца ў нашай памяці як незабыўнае падарожжа. Разам з гідам, апусціўшыся на глыбіню каля 300 метраў, мы апынуліся нібы ў мінулым. Як казаў наш гід, яму заўсёды  падчас экскурсій дапамагае дух манаха Цыстэрса, з ордэнам якога звязана знаходжанне солі ў Бохніі. Цікава, што для турыстаў тут даступна адзіная ў свеце мультымедыйная выстава, дзякуючы якой мы даведаліся пра векавую гісторыю здабывання солі ў гэтым рэгіёне. Пашанцавала нам і пакатацца ў лодцы па падземнай саляной рацэ. Экскурсія ў шахту не толькі папоўніла нашы веды, але, будзем спадзявацца, і ўмацавала здароўе многім з нас.
 
У Кракаве мы таксама наведалі семінарыю айцоў-піяраў, дзе нас гасцінна сустрэлі, накармілі смачным абедам, а пасля запрасілі на экскурсію па гімназійных і ліцэйскіх класах.
 
Марыяцкі касцёл і Вавэль
 
Рыначная плошча ў Кракаве з’яўляецца адной з самых абшырных плошчаў Еўропы, а першай пабудовай, якая кідаецца ў вочы пры ўваходзе сюды,  з’яўляецца Марыяцкі касцёл, з вежы якога кожную гадзіну «выходзіць» залатая труба – і на ўсё наваколле пачынаюць ліцца гукі хейнала (сола на трубе, якое кожную гадзіну выконвае спецыяльна навучаны трубач).
 
Галоўнай славутасцю Кракава, канечне ж, з’яўлянцца велічны Вавэльскі замак над Віслай, які за яго доўгую гісторыю пабачыў шмат каралеўскіх сем’яў. У Вавэлі можна правесці не адну гадзіну: наведаць кафедральны сабор святых Станіслава і Вацлава, абшырны склеп польскіх каралёў, музей і шмат іншых цікавостак.
 
Уплыў каталіцтва ў Кракаве заўважны практычна ва ўсім: пачынаючы ад касцёлаў і заканчваючы старадаўнімі пабудовамі, на сценах якіх можна сустрэць згадкі пра святых, вялікіх паходах.
 
Апошнім пунктам падарожжа стала наведванне Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, наведаць які імкнуцца пілігрымы з усяго свету. Двойчы сюды прыязджаў Папа Ян Павел ІІ  (у 1997-ым і 2002-ім). Тут у кляштары сясцёр Божай Маці Міласэрнасці на працягу пяці гадоў жыла святая сястра Фаўстына, мошчы якой тут і захоўваюцца.
 
На працягу ўсяго падарожжа ў Польшчу для нас былі арганізаваныя цікавыя сустрэчы, захапляючыя экскурсіі, нас сустракалі гасцінныя людзі, былі падрыхтаваны смачныя абеды, вячэры і камфортныя начлегі.
 
Чатыры дні паездкі праляцелі як адно імгненне. Успаміны аб праведзеным часе застануцца надоўга: многія з нас будуць імі дзяліцца яшчэ не адзін месяц. Дзякуючы айцам Андрэю і Вітальду, усе педагогі атрымалі станоўчы зарад на новы навучальны год.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.