Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Летнік для салезіянскіх аніматараў прайшоў на Смаргоншчыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.08.2014 11:01

Таццяна Ісакава распавядае пра салезіянскі летнік аніматараў, які з 13 па 21 жніўня праходзіў ў в. Данюшава ў Смаргонскага раёна.

Мэтай лагера быў сумесны адпачынак салезіянскіх аніматараў, кандыдатаў у аніматары і памочнікаў аніматараў, якія на працягу года падчас розных мерапрыемстваў імкнуліся весці маладыя душы да Бога ў харызме кс. Боско. Але адпачынак не азначае бяздзейнасць.

Мудры адпачынак мусіць чамусьці навучыць, нешта пакінуць у сэрцы, даць штуршок дзеля таго, каб адважна ісці наперад. Таму удзельнікам лагера было прапанавана пазнаёміцца бліжэй з «абліччамі» кс. Боско (менавіта так гучала тэма лагера) праз чытанне літаратуры пра святога настаўніка моладзі.  Бо дзеля таго, каб дзяліцца нечым з моладзю і дзецьмі, трэба нешта мець.

Салезіянскаму аніматару трэба ведаць і заўсёды бачыць перад сабою прыклад св.Яна Боско, каб несці ў свет яго харызму. Больш глыбока разважаць над асобай кс.Боско прысутнай моладзі дапамагала штодзённая св. Імша і Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта.

Крыху «падсілкаваўшыся» тэорыяй, аніматары перайшлі да практыкі. Апошнія тры дні лагера прайшлі ў форме воркшопаў ці «школы аніматараў». Сваім вопытам з прысутнымі дзяліліся аніматары Юлія Клявец і Вераніка Ермак, якім давялося пабываць у Польшчы на аналагічнай школе аніматараў. Падчас воркшопаў удзельнікі мелі магчымасць падрыхтаваць асабістае выступленне на тэму «Як я сустрэў Бога», а затым паспрабаваць скласці канферэнцыю і правесці працу ў групах.

Дзевяць дзён летніка праляцелі вельмі хутка, але кожны дзень нёс шмат карыснага матэрыялу. І цяпер перад кожнай асобай стаіць пытанне: ці стаў гэты час адпачынку жнівом Пана? Адказам стане, напэўна, новы год, які дасць шмат шанцаў, каб рэалізаваць свае здольнасці і таленты у харызме св. Яна Боско.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.