Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Больш за паўтысячы чалавек правялі «Канікулы з Богам» у Шчучыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.08.2014 14:00

Напрыканцы жніўня ў Шчучыне пры дапамозе айцоў піяраў былі арганізаваны «Канікулы з Богам-2014», удзельнікі якіх - больш за 550 чалавек самага рознага ўзросту - імкнуліся разам са сваімі выхавацелямі спалучыць летні адпачынак з праслаўленнем Бога і паглыбленнем свайго духоўнага свету.

 Ці магчыма адначасова бавіцца і праслаўляць Бога? Безумоўна! «Канікулы з Богам», якія праводзіліся ў Шчучыне напрыканцы жніўня, з’яўляюцца адным з прыкладаў такога ўдалага спалучэння.

Што ўяўлялі з сябе гэтыя «Канікулы з Богам»? Гэта тры гадзіны, якія штодзённа дзеці і моладзь праводзілі пры касцёле св. Тэрэзы Авільскай на працягу тыдня. На пачатку дня ўсе збіраліся на супольную малітву перад касцёлам і радасна спявалі. Пасля заканчэння малітвы распачыналіся разважанні. У гэтым годзе разважанні былі звязаныя з малітвай «Ойча наш». Крыху пазней дзеці і моладзь распачыналі граць у разнастайныя гульні, конкурсы, якія падрыхтоўвалі для іх выхавацелі і апекуны. Скончваўся дзень супольнай малітвай і салодкім пачастункам.

Кожны дзень канікул быў тэматычным, напрыклад, чацвер — днём спорту. Усе групы ў гэты дзень удзельнічалі ў розных спартыўных спаборніцтвах. У суботу дзеці мелі магчымасць прадставіць свае таленты. Выхавацелі таксама маглі парадаваць сваіх выхаванцаў сваім выступленнем.

У гэтым годзе «Канікулы з Богам» сабралі больш за 550 удзельнікаў. У іх прынялі удзел дзеці і моладзь розных узростаў: ад дзіцячага садка да 11-ага класа. Гэты факт сведчыць пра тое, што кожны ўдзельнік гэтага мерапрыемства мог знайсці для сябе штосьці цікавае, незалежна ад узросту і зацікаўленасцяў.

З дапамогай айцоў піяраў і моладзі была падрыхтавана піярская праграма, паводле якой кожны ўдзельніх сёлетніх канікул меў магчымасць адпачыць і назапасіць духоўных сіл на чарговы школьны год.

Анастасія Цыбульская
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.