Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбыліся рэкалекцыі для свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.09.2014 13:47

У апошнія выходныя жніўня па запрашэнні Аддзела каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі свецкія катэхеты Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся ў Шчучыне, каб прыняць удзел у рэкалекцыях і духоўна падрыхтавацца да новага катэхетычнага года. Узначаліў духоўныя практыкаванні а. Андрэй Урублеўскі CSsR.

Тэма рэкалекцый - “Прабуджэнне” - была абрана невыпадкова. Кожны дзень рэкалекцый уключаў малітву, святую Імшу, разважанне над цярпеннем Хрыста, канферэнцыі айца рэкалекцыяніста, якія насілі як тэарэтычны, так і практычны характар.

У першы дзень святар нагадаў прысутным асноўныя аспекты першай Апостальскай адгартацыі Папы Францішка «Evangelii gaudium» («Радасць Евангелля»). Асноўная думка была скіравана на тое, што радасць Евангелля напаўняе сэрцы і жыццё ўсіх, хто сустракаецца з Езусам, а катэхет – гэта менавіта той, хто нясе жывое слова Хрыста, з’яўляецца сведкам і Яго сябрам; усё гэта становіцца немагчымым без прысутнасці Святога Духа, які распальвае ў сэрцах гарачую любоў да Езуса.

Потым удзельнікі разважалі на тэму загубленага дзяцінства. Праца ў групах і канферэнцыя дапамагалі выявіць вялікую колькасць негатыўнай інфармацыі, якую нясуць у сабе сучасныя дзіцячыя часопісы, мультфільмы і камп’ютарныя гульні, а таксама зразумець, чаму так часта адмоўныя персанажы з’яўляюцца сапраўднымі героямі для сённяшніх дзяцей. Прысутныя разам шукалі спосабаў вырашэння гэтых актуальных праблем, каб штодзённае жыццё дзяцей было напоўнена дабром і светлымі фарбамі, а супергероем для іх быў Езус Хрыстус.

У другой палове дня ўвага была нададзена разважанню пра асобу Панны Марыі - Найсвяцейшай Маці, якая заўсёды выслухоўвае просьбы і з’яўляецца прыкладам чысціні і глыбокай веры.

Падчас рэкалекцый катэхеты мелі магчымасць паразмаўляць і абмеркаваць хвалюючыя пытанні, падзяліцца жыццёвымі парадамі.

Самым незвычайным момантам для прысутных стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая трывала ўсю ноч. Кожны меў магчымасць пабыць сам-насам з Хрыстом на працягу паўгадзіны. Адарацыя скончылася ў 7 гадзін раніцы, затым сабраныя праспявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Рэкалекцыі завяршыліся ў нядзелю, 31 жніўня, набажэнствам да Святога Духа і Эўхарыстыяй, падчас якой удзельнікі дзякавалі Богу за праведзены разам час і маліліся аб благаслаўленні і мужнасці, каб штодзённа несці святло Евангелля.

Ілона Урбановіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.