Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У фарным касцёле Навагрудка адзначылі ўспамін благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.09.2014 16:12

4 верасня 2014 г., ва ўспамін благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, адбылася святая Імша ў навагрудскім фарным касцёле, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У час вайны, 1 жніўня 1943 г., сястра Стэлла і дзесяць яе паплечніц былі расстраляны фашыстамі ў лесе каля Навагрудка, аддаўшы жыццё за бацькаў сем’яў і мясцовага святара кс. Аляксандра Зянкевіча.

“Памяць аб святасці іх жыцця не прамінае - і тут, у месцы іх апошняга служэння ў назарэтанскай супольнасці, дзе цяпер знаходзяцца іх рэліквіі ў саркафагу, і ў месцы пераходу з зямнога жыцця ў вечнасць, у лесе недалёка адсюль, каля Батароўкі, і ў многіх іншых месцах”, - адзначыў у гаміліі падчас Імшы біскуп Антоні Дзям’янка, кажучы пра навагрудскіх мучаніц.

Іерарх дадаў, што назарэтанкі “здзяйснялі свой выбар кожны дзень”, “узрасталі ў святасці, а акрэсленыя жыццёвыя інвестыцыі дапамаглі ім дасягнуць вяршыні дасканаласці”. Падобна як для благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка, так і для кожнага хрысціяніна, па словах пінскага ардынарыя, прыярытэтам павінна быць “любоў да Бога і чалавека па прыкладу Езуса Хрыста”.

Біскуп нагадаў, што “Бог не дасць перавысіць сябе ў любові”: “Айцец аддаў свайго Адзінароднага Сына як ахвяру перапрашэння за грахі, каб мы мелі жыццё”, і “няма і не будзе большай любові за тую, калі хто жыццё аддае за сваіх сяброў”. Іерарх падкрэсліў таксама, што “міласэрнасць з’яўляецца найвялікшай перамогай любові над нянавісцю”.

Іерарх адзначыў, што “калі мы любім адзін аднаго, то Бог трывае ў нас і любоў да Яго ў нас дасканалая”, а “найвышэйшая ступень любові праяўляецца ў здольнасці да міласэрнасці і прабачэння”, і “чым больш здольныя мы будзем да прабачэння тым, хто нам вінаваты, тым больш глыбокая ў нас любоў - тады Бог трывае ў нас, і любоў да Яго ў нас дасканалая”.

“Любові да Бога і чалавека мы вучымся ў Касцёле, і яна дала матывацыю бл. сястры Стэлле і сяброўкам скласці ахвяру свайго жыцця за навагрудскія сем’і, за адзінага святара ў горадзе і наваколлі падчас гітлераўскай акупацыі”, - дадаў біскуп, а таксама ўзгадаў словы св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, рэліквіі якой былі ў Беларусі ў мінулым годзе: “Я зразумела, што толькі любоў здольная прывесці ў дзеянне члены Касцёла. Калі б згасла любоў, то Апосталы б перасталі абвяшчаць Евангелле, а мучанікі не хацелі б праліваць сваёй крыві… Зразумела, што любоў заключае ў сабе ўсе пакліканні, што любоў - гэта ўсё, агортвае ўсе часы і месцы…”

Пінскі ардынарый заклікаў удзельнікаў Імшы ва ўспамін благаслаўлёных навагрудскіх мучаніц прасіць Бога аб святасці для сем’яў, аб вернасці для сужэнстваў, аб пашане да жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, аб заканчэнні пераследу хрысціян у некаторых краінах, аб заканчэнні канфлікту ў нашых суседзяў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.