Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гродзенскай катэдры адбылася Імша ў гонар 500-годдзя бітвы пад Оршай
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.09.2014 17:48

8 верасня ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша ў гонар 500-годдзя з дня пераможнай бітвы пад Оршай літоўска-польскіх войскаў. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

500 гадоў таму пад Оршай адбылася адна з найбуйнейшых бітваў ХVI стагоддзя ў Еўропе — бітва пад Оршай літоўска-польскіх войскаў супраць войска маскоўскага. Вялікае княства Літоўскае ў гэтай бітве атрымала перамогу.

У гонар перамогі ў гэтай бітве гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі на свае сродкі пабудаваў праваслаўныя святыні Святой Тройцы і Святога Мікалая ў Вільні. Пра бітву пад Оршай былі таксама выдадзеныя адмысловыя брашуры на лацінскай і нямецкай мовах, у якіх кароль Жыгімонт І і Апостальскі Нунцый Пізо распавядалі пра бітву Пантыфіку Льву Х. Вядома, што з нагоды Аршанскай бітвы ў Ватыкане было праведзена адмысловае малітоўнае набажэнства.

Перамога і поспех гетмана Астрожскага ўзгадваецца ў шматлікіх хроніках Вялікага княства Літоўскага. Напрыклад, у «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» перамога звязваецца з Божым заступніцтвам за «палякаў, русь і літву»:

«А тая война была в пяток на Рожесто Пресвятыя Богородицы и была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл Бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали…»

У хроніцы ж Мацея Стрыйкоўскага, польска-літоўскага паэта і каталіцкага святара, якая мае поўную назву «Хроніка польская, літоўская, жмудская і ўсёй Русі», падаюцца словы самога гетмана Канстанціна Астрожскага, дзе ён, заклікаючы сваё войска, кажа аб Божым заступніцтве:

«...Гэта наша перамога і трыумф гатовы,
Ужо непрыяцель слабее, таму, браты мілыя,
Аднавіце звычайную мужнасць у гэтай шчаслівай хвіліне,
Цяпер будзьце мужамі, цяпер будзьце ў мужным целе.
Няхай кожны абудзіць дзейнасць, калі непрыяцелі
Блытаюцца ў строі, а сам Бог з нашага боку.
Ужо цяпер нам з Неба дадае аховы
Ужо цяпер усе смела за ранамі ідзіце,
І ў мужнасці сынамі айцоў слаўных будзьце...
».

(Тэкст хронікі цалкам тут»»)

Пасля святой Імшы ў гродзенскай катэдры 8 верасня адбыўся канцэрт літоўскага, а таксама беларускіх хораў. Галоўнымі арганізатарамі святкавання сталі Генеральныя консульствы Польшчы і Літвы ў Гродне, прадстаўнікі якіх таксама бралі ўдзел у Імшы.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.