Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь з Іўя прыняла ўдзел у пілігрымцы ў Шылува (Літва)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.09.2014 19:03

7 верасня завяршылася пілігрымка іўеўскай моладзі ў Літву. Група парафіяльнай моладзі на чале з пробашчам кс. Янам Гавецкім па запрашэнні літоўскага біскупа Яўгена Бартуліса прыняла ўдзел у XII Міжнароднай пілігрымцы ў санктуарый у Шылува.

Каля 800 чалавек, у ліку якіх было і 12 беларусаў, распачалі свой шлях з гары Крыжоў у Шаўляі.

«Гэта вельмі сімвалічна, — лічыць куратар беларускай групы кс. Ян Гавецкі, які прымаў удзел у пілігрымцы. — Кожны крыж уяўляе сабой людскі лёс. На месцы сённяшняй гары Крыжоў раней стаяла святыня. Вядома, што аднойчы адзін мужчына прынёс на гэта месца крыж і паставіў яго тут у малітве за здароўе сваёй дачкі. Дачка паправілася, а чуткі пра яе аздараўленне распаўсюджваліся сярод людзей. З таго часу на гару пачалі прыходзіць іншыя людзі з крыжамі. Гара Крыжоў расла. У савецкі час днём крыжы бурыліся, а ноччу людзі прыносілі сюды новыя крыжы… Гара не знікла».

Трохдзённае малітоўнае падарожжа па літоўскай зямлі было вельмі насычаным як для гаспадароў пілігрымкі, так і для беларускіх гасцей. Спрыяла гэтаму і выдатнае надвор’е. Падчас вечара знаёмстваў быў выдаткаваны час на прэзентацыю беларускай групы — моладзь з Іўя малілася і спявала беларускія, рускія і польскія песні.


«Засталіся самыя пазітыўныя ўражанні і ад самой пілігрымкі, і ад літоўскага народа, — дзеліцца ўражаннямі адна з ўдзельніц пілігрымкі беларуска Таццяна Кяўра, — гэта вельмі добразычлівыя людзі, гатовыя заўжды прыйсці табе на дапамогу. Матыў многіх пілігрымкаўскіх песень, якія спяваліся па-літоўску, мы добра ведалі, таму стараліся падпяваць па-беларуску. Яшчэ мяне ўразіла бадзёрасць біскупа Яўгена Бартуліса, яго унутраны жыццёвы стрыжань. Ён не толькі спяваў разам з усімі намі, але і танчыў».

Таццяна дадае, што дарога ў санктуарый пралягала праз вельмі маляўнічыя краявіды. Начлегі адбываліся ў намётах на беразе возера, а ў госці да пілігрымаў прыязджалі літоўскія моладзевыя гурты.

«Выступленні заварожвалі. Ігралі і рэп, і хіп-хоп, але спявалі пра Бога. Пілігрымка была вельмі насычанай. Радуе, што духоўны складнік у ёй быў вельмі моцна».

Беларускія пілігрымы дзякуюць за запрашэнне біскупу Яўгену Бартулісу і біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, а таксама літоўскаму консульству за вырашэнне візавых пытанняў.

Ілья Лапато

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.