Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гродзенская парафія Адшукання Святога Крыжа адзначыла адпустовую ўрачыстасць
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.09.2014 11:43

14 верасня 2014 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа, парафія Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі касцёл) у Гродне адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Галоўную святую Імшу, якая адбылася апоўдні, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй прынялі ўдзел навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Вернікі гэтай парафіі і іншых парафій горада ўдзельнічалі ў Імшах ў пабернардынскім касцёле таксама на працягу ўсяго дня. Святыня на бернардынскім узгорку вельмі блізкая для многіх жыхароў Гродна, бо менавіта там у 1990-я гг., калі ў горадзе яшчэ не былі адкрыты іншыя касцёлы, збіраліся на малітву многія мясцовыя католікі.

На пачатку галоўнай Імшы адбылося асвячэнне адноўленай бочнай капліцы Езуса Міласэрнага, рамонт якой працягваўся чатыры гады.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч прыгадаў вернікам гісторыю свята Узвышэння Святога Крыжа. “Крыж Хрыста і пасланне любові, якое ён утрымлівае ў сабе, вучыць нас, што нават у самых вялікіх цярпеннях мы ніколі не самотныя. Нават тады, калі можа здавацца, што ўсе нас пакінулі, забылі пра нас, - крыж нагадвае, што з намі Езус”, - адзначыў іерарх.

Біскуп заахвоціў удзельнікаў урачыстасці “давяраць Божай любові да канца, безумоўна”. “Крыж не павінен быць для нас чымсьці страшным. Бо ён нагадвае не толькі пра муку Збаўцы, Яго цярпенне, ахвяру, складзеную за нас. Крыж – гэта адначасова і знак уваскрасення, пасланне найбольшай радасці, надзеі”, - дадаў гродзенскі ардынарый.

Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй і ўшанаваннем рэліквіі дрэва Святога Крыжа, якая захоўваецца ў гэтай парафіі і да якой у адпустовую ўрачыстасць прыходзіць шмат вернікаў з усяго горада.

На пачатку хрысціянства, у 326 г., маці рымскага імператара Канстанціна святая Алена скіравалася на Святую Зямлю ў пошуку Хрыстовых рэліквій. Каля Галготы яна знайшла тры крыжы, з якіх адзін быў індэнтыфікаваны як прылада пакарання Езуса. У наступныя стагоддзі Святы Крыж быў падзелены на маленькія часткі, якія прыбылі як рэліквіі ў розныя святыні ва ўсім свеце, у тым ліку ў гродзенскі пабернардынскі касцёл.

На працягу дня гаміліі падчас Імшаў у парафіі прамаўляў кс. Юрый Марціновіч, які, у прыватнасці, адзначыў, што свята Узвышэння Святога Крыжа пабуджае да рэфлексіі над таямніцай, якую захоўвае ў сабе Крыж Збаўцы. Святар заўважыў таксама, што адпустовая ўрачыстасць павінна быць нагодай да рахунку сумлення “з таго, як я падыходжу да Крыжа”, “каб мы захацелі адказаць сабе на пытанне: ці не пасаромеюся я сёння Крыжа Хрыста?”.

Па словах святара, варта задумацца над пытаннямі: “Ці знаходзіцца крыж на найбольш прывілеяваным месцы ў маім доме, а не схаваны кудысьці глыбока ў шуфляду?”, “Ці маю я адвагу насіць гэты хрысціянскі сімвал на шыі?”, “Ці не саромеюся схіляць калені перад крыжам, пахіляць галаву, цалаваць крыж з пашанай і ўдзячнасцю?” “Кожны з нас у сваім сэрцы можа і павінен здзейсніць такое ўзвышэнне Крыжа праз любоў да Пана Езуса. Калі мы з вялікай пашанай учыняем знак крыжа, - тады Хрыстус узвышаецца”, - дадаў святар.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.