Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі да 10 гадоў святарства прайшла ў Тракелях
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.09.2014 14:55

23–25 верасня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 10 гадоў святарства ўключна.

У праграму ўвайшлі канферэнцыі, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, братэрская сустрэча і супольная Эўхарыстыя. На заканчэнне сустрэчы, 25 верасня, святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заклікаў сабраных заўсёды і ўсюды памятаць пра сваю святарскую ідэнтычнасць, а таксама ўказаў на важнасць малітвы ў штодзённым жыцці і служэнні Богу і людзям.

Фармацыйную сустрэчу ўзначаліў кс. Аляксандр Жарнасек MIC, пробашч парафіі Св. Юзафа ў Оршы, дырэктар рэкалекцыйнага дома, капелан турэмнай калоніі. Святар выступіў з канферэнцыяй на тэму «Новая евангелізацыя сёння».

Распавядаючы Сatholic.by, аб чым гаварыў у канферэнцыі, кс. Аляксандр Жарнасек нагадаў, што новая евангелізацыя – тэрмін, які ўжыў Папа Ян Павел IІ: маецца на ўвазе «евангелізацыя сучаснай мовай, якая прамаўляе да сучаснага чалавека, выкарыстоўваючы, напрыклад, новыя тэхналогіі». «Для мяне гэта крыху тэхнічны тэрмін, таму што евангелізацыя важная сама па сабе, яна заўсёды актуальная, і гэта перш за ўсё дзеянне Духа Святога», — адзначыў святар. Канферэнцыю кс. Аляксандр Жарнасек прамаўляў, сыходзячы з уласнага вопыту, а таксама падкрэсліў, што часам у евангелізацыі не трэба шукаць якіхсьці спецыяльных формаў, а важна «проста дзяліцца тым, што сам перажываеш».

Дадзеныя фармацыйныя сустрэчы працягваюць падрыхтоўку, пачатую ў духоўнай семінарыі, і служаць пастаяннаму паглыблeнню ў сабе духу святарскага служэння. Яны садзейнічаюць стварэнню супольнасці і дапамaгaюць плённа ажыццяўляць пакліканне.  

Кс. Юрый Марціновіч, AG

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.