Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Святога Духа ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.09.2014 13:33

У маладой парафіі, што знаходзіцца ў новым мікрараёне горада, арцыпастыр цэлебраваў святую Імшу і маліўся разам з вернікамі аб атрыманні пляцу пад будову новай святыні.

Перад Імшой Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча прывіталі дзеці. У адрас арцыпастыра прагучала шмат цёплых слоў, маленькія вернікі між іншым падзякавалі іерарху за тое, што знайшоў час, каб наведаць маладую парафію і падарыць радасць супольнай малітвы.

У сваю чаргу Мітрапаліт, звяртаючыся да прысутных у гаміліі, заахвоціў вернікаў заўсёды браць адказнасць за свае словы і ўчынкі. «Прыказка кажа, што абяцанкі – гэта цацанкі. Але ў жыцці лічацца не словы, а справы. Чалавека, які толькі хваліцца і шмат гаворыць, але нічога не робіць, не паважаюць, — падкрэсліў іерарх. — Трэба таксама не забывацца пра тое, што чалавек веруючы, сапраўдны хрысціянін абавязаны жыць паводле Божага закону».

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце людзі не імкнуцца захоўваць Божыя запаведзі, нармальнай з’явай лічыцца сужэнская нявернасць, аборты, наркаманія, п’янства, а ўсё гэта з’яўляецца праявай адмаўлення ад абяцанняў, дадзеных Богу.

Таксама іерарх падкрэсліў, што вернікі Альшанкі і Фабрычнага, якія кожную нядзелю збіраюцца на малітву пад адкрытым небам, не маючы святыні, з’яўляюцца сапраўднымі жывымі сведкамі веры. «Гэтыя людзі самі з’яўляюцца Касцёлам, яны дэманструюць жывую веру, дзякуючы якой становяцца сапраўднымі сведкамі Езуса Хрыста», — зазначыў арцыпастыр.

Арцыбіскуп заахвоціў прысутных нястомна маліцца аб атрыманні пляцу і аб хуткай пабудове парафіяльнай святыні, а кс. Паўлу Салабуду, пробашчу парафіі, пажадаў моцы і вытрымкі ў гэтай нялёгкай справе.

Пасля Эўхарыстыі вернікі павіншавалі Мітрапаліта з юбілеем 25-годдзя біскупскага служэння і паабяцалі заўсёды памятаць у малітвах пра свайго арцыпастыра.

Гражына Шалкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.