Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Пярліна» Астравеччыны адзначыла парафіяльнае свята
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.09.2014 14:27

29 верасня парафія Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Прыгожы парафіяльны касцёл — «пярліна» Астравеччыны — збірае вернікаў не толькі раз у год: амаль кожны дзень там шмат турыстаў з Беларусі і з-за мяжы, якія прыбываюць у групах і ў індывідуальным парадку, каб пабачыць хараство архітэктуры і ўбранства святыні. У дзень адпусту касцёл таксама быў напоўнены: прыбылі святары і вернікі з наваколля.

Пробашч парафіі кс. Анатоль Захарэўскі прызнаецца, што яму вельмі часта даводзіцца выступаць у ролі экскурсавода, паказваючы святыню пілігрымам і турыстам. Самі парафіяне з гонарам кажуць, што іх касцёл — самы прыгожы. «Гэта наш касцёл. Тут мы адчуваем сябе як дома. І мы ганарымся, што шмат турыстаў зазіраюць да нас, усё гэта на хвалу Бога», — адзначае парафіянка Уладзіслава, якая служыць у касцёле ў Міхалішках.

Урачыстую адпустовую Імшу ўзначаліў дэкан Астравецкага дэканата кс. Павел Звежынскі. Ксёндз Юрый Барташэвіч у гаміліі звярнуў увагу на постаць апекуна святыні. Святар адзначыў, што фундаментам штодзённага жыцця хрысціян павінны быць словы «Хто ж, як Бог». «Трэба мець ўпэўненасць, што Бог з намі ў кожную хвіліну нашага жыцця», — дадаў кс. Юрый Барташэвіч.

Падчас Імшы вернікі маліліся за ўсю Беларусь, якой апякуецца св. Міхал Арханёл, за беларускі епіскапат. Парафіяне прасілі святога Міхала, каб дапамог нанова захапіцца Богам і жыць верай у Яго, бо толькі яна вядзе да збаўлення.

Касцёл святога Міхала Арханёла ў Міхалішках пабудаваны ў 1653 годзе. Святыняй і кляштарам апекаваліся законнікі Канонікаў Рэгулярных Благаслаўлёных Мучанікаў ад Пакуты Рэгулы св. Аўгустына (аўгустыяне).

Касцёл вылучаецца прыгажосцю размяшчэння (на левым беразе Віліі, у паўночна-усходняй частцы вёскі), вонкавым хараством і багаццем унутранага ўбрання ў стылі барока. Будаўнікамі святыні былі італьянскія майстры, якім дапамагалі мясцовыя спецыялісты.

Фундатарамі касцёла былі прадстаўнікі ўплывовага ў тагачаснай Літве заможнага графскага роду Бжастоўскіх, якія валодалі Міхалішкамі з 1604 года.

Неаднаразова розныя элементы ўбранства і дэкарацый гэтага касцёла падаваліся як узорныя для стылю барока — прыкладам можа быць альбом «Польшча ў краявідах і здабытках» 1930 года, у якім сярод дзесяці найбольш знакамітых твораў барокавага касцёльнага будаўніцтва на дзявятым месцы касцёл у Міхалішках.

Адзін з сур’ёзных рамонтаў касцёла быў праведзены ў 1944–1945 гадах пасля заканчэння ваенных дзеянняў.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.