Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі адзначае 58-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.09.2014 16:51

30 верасня кс. прэлат Юзаф Трубовіч, які з’яўляецца найстарэйшым святаром Гродзенскай дыяцэзіі, адзначае 58-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.

Будучы святар нарадзіўся на Віцебшчыне, у вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. Скончыў духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 30 верасня 1956 г. у Рызе з рук біскупа Казіміра Дулбінскага. Пасля на працягу 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку як вікарый у Ліепаі, потым як пробашч парафіі ў Курмені, парафіях у Канкалі і Эрбергу.

У Беларусь прыбыў у 1977 г., па просьбе гродзенскіх вернікаў стаў служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл). Тут у кс. Трубовіча было шмат працы: як сам ён узгадвае ў сваёй першай кнізе, «хворым быў вельмі патрэбны святар, адна машына прывозіла ад хворага, а другая ўжо чакала». Штогод было «каля чатырохсот хростаў, каля ста васьмідзесяці шлюбаў, нягледзячы на пераслед, кожны год каля двухсот дзяцей да першай Камуніі і частыя пахаванні», і «было так на працягу 11 гадоў» — «нельга было пакінуць парафію і ехаць на адпачынак».

У 1988 г. ксёндз Юзаф Трубовіч быў адазваны біскупам Я. Вайводсам у Рыгу працаваць прэфектам семінарыі. Адсюль вялікі клопат святара аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і нястомная малітва, каб Бог паслаў новых працаўнікоў на сваё жніво. Ксёндз Трубовіч мае шмат выхаванцаў, якія сталі святарамі, і натхняе на тое, што новыя пакліканні нараджаюцца менавіта з ласкі самога Бога і дзякуючы малітве людзей.

Пасля чатырох гадоў працы ў рыжскай семінарыі святар вярнуўся ў Гродна, дзе затым сем гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя. З 1999 г. ксёндз Юзаф Трубовіч з’яўляецца рэзідэнтам пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, a таксама дэканам дэканата Гродна — Захад.

Святар напісаў дзве кнігі, першую з якіх — «Шлях звычайнага жыцця» — выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастырскага служэння. Другая кніга пад назвай «Як наконт праўды і рэальнасці?» выпушчана ў 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі, у ёй аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана.

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч — вялікі шанавальнік святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Адразу пасля яго нараджэння маці святара аддала яго ў апеку гэтай святой. На ўзор св. Тэрэзы ксёндз Трубовіч жадае гэтак жа абвяшчаць імя Бога і паставіць на зямлі няверных Яго крыж — а каб гэта магло ажыццявіцца, святару патрэбна пастаянная малітва вернікаў, дзякуючы якой ён зможа ўзрастаць у сваім пакліканні, а ў цяжкасцях пакладаць надзею ў Езусе.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.