Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
30-ю гадавіну смерці кс. Казіміра Валентыновіча адзначылі ў Мсцібаве
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.10.2014 16:14

1 кастрычніка ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве шматлікія вернікі і святары маліліся ў інтэнцыі спачылага кс. Казіміра Валентыновіча ў 30-ю гадавіну яго смерці. Ксёндз Валентыновіч быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці на працягу 40 гадоў, пахаваны на парафіяльных могілках.

Урачыстую Імшу за святара ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У Імшы прынялі ўдзел не толькі вернікі старэйшага пакалення, якія добра памятаюць спачылага святара, але таксама група дзяцей і моладзі. Па іх словах, менавіта кс. Казімір Валентыновіч і яго душпастырскі запал захаваў веру у іх продках, а дзякуючы яго абвяшчэнню Божага слова сённяшняе новае пакаленне адкрыла, чым з’яўляецца вера і што значыць быць веруючым чалавекам.

Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што праз душпастырскую дзейнасць кс. Казіміра Валентыновіча Бог дакранаўся да парафіян сваёй правіцай. Іерарх дадаў, што асабістае сведчанне святара і яго душпастырскі запал паспрыялі перадачы веры наступным пакаленням. Звяртаючыся да вернікаў, біскуп сказаў: «Вы не толькі перадалі сваім дзецям жыццё, але і зрабілі магчымым дотык Бога».

Біскуп падзякаваў парафіянам за жывую памяць і іх малітвы за спачылага святара. Па словах іерарха, ксёндз Казімір Валентыновіч яднаў вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці з Богам, указваў ім шлях да сапраўднага шчасця, падтрымліваў маральны лад у ваколіцы, рабіў іх чулымі на хрысціянскія каштоўнасці. Біскуп папрасіў усіх прысутных, каб памяць пра такіх руплівых душпастыраў ніколі не знікала.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.