Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Макараўцах адноўлены касцёл — адзін з найстарэйшых помнікаў драўлянага дойлідства на Гродзеншчыне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.10.2014 15:36

У в. Макараўцы адноўлены будынак касцёла Узвышэння Святога Крыжа, які з’яўляецца адным з найстарэйшых помнікаў архітэктуры драўлянага дойлідства на Гродзеншчыне. Аднаўленне святыні амаль што бесперапынна працягвалася пяць гадоў. Інцыятарамі аднаўлення была сама парафія на чале з кс. Паўлам Беланосам.

Святыня была збудавана маршалкам гродзенскай шляхты Людвікам Панцажынскім і асвечана 23 чэрвеня 1795 года. Свой кшталт і памеры касцёл захаваў па сённяшні час і мае 22 метры ўздоўж, 15 з паловай метраў шырыні і 7 метраў у вышыню. Касцёл мае тры драўляныя алтары ў стылі класічнага барока. Плоскі знутры дах падтрымліваецца чатырма драўлянымі калонамі.

У часы ваяўнічага атэізму вернікі, нягледзячы на адсутнасць святара, здолелі захаваць касцёл адкрытым. У мінулым стагоддзі касцёл не меў сур’ёзнага рамонту, аднак увесь час вернікі сачылі за тым, каб будынак не змарнеў.

У кс. Паўла Беланоса думка аб аднаўленні святыні ўзнікла з самага пачатку служэння ў Макараўцах, аднак у гэты час дзяржаўныя ўлады вярнулі парафіі будынак старога парафіяльнага дома, якім неадкладна трэба было заняцца, таму што не было адпаведнага месца для катэхізацыі дзяцей.

За пяць гадоў святыня была адноўлена. Апрача ахвярнасці і актыўнасці парафіян, якія ўнеслі найбольшы ўклад, была атрымана дапамога ад мясцовага СГК, Ваўкавыскага мясакамбінату і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Рамонтныя працы распачаліся ад шалявання касцёла звонку, замены вокнаў, дзвярэй і кансервацыі з частковай заменай паддашных строп. Адначасова распачаліся працы па рамонце аргана. Наступным этапам было знешняе маляванне даху і ўнутранае шаляванне. У гэтым годзе была зменена драўляная падлога, лаўкі, зроблены куранты і рухавік на званы, упарадкавана тэрыторыя перад і навокал касцёла (на дадзены момант праводзіцца завяршаючая фаза).

Як кажа пробашч парафіі, кожны этап прац быў каштоўны і неабходна было пастаянна шукаць фінансаў, аднак найбольш каштоўным быў рамонт аргана, часткова прафінансаваны Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Каштоўным было таксама ўнутранае і знешняе драўлянае шаляванне.

Вернікі ставіліся да нязручнасцяў падчас аднаўлення з разуменнем і надзеяй, што будзе лепш, прыгажэй. Вядома, што хацелася б як найхутчэй, аднак разумелі, што некаторыя працы патрабуюць часу. Гэта асабліва датычыла рамонту падлогі, калі прыходзілася супольна маліцца на адкрытым паветры.

Падчас замены падлогі, па словах пробашча, працаўнікі знайшлі кавалак дошкі, на якой было напісана: «Гэтая падлога была пакладзена ў 1896 годзе кс. Тарасевічам. Майстрамі былі Міхал Панасюк, Якуб Пласкоўскі, Ігнат Шарэйка, Антон Койта. Прашу за іх душы прамовіць Анёльскае прывітанне. Напісаў арганіст Ян Туякоўскі».

Вернікі і пробашч не хочуць затрымлівацца на дасягнутым і плануюць аднавіць тры касцёльныя алтары.

Парафія ў Макараўцах знаходзіцца на мяжы з Польшчай у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці, на дадзены момант парафія налічвае 750 чалавек, у большасці сталага ўзросту, якія жывуць у 17 мясцовасцях (Трахімы, Лапенеўцы, Пятэльчыцы, Вішнеўка, Пачобуты, Курчоўцы, Макараўцы, Белакозы, Русакі, Рэпаўцы, Праневічы, Кудрычы, Ігнатавічы, Лішкі, Генюшы, Астапкаўшчына, Парэчча). Ксёндз Павел Беланос, цяперашні пробашч, нясе служэнне ў гэтай мясцовасці з 2001 года.

Паводле grodnensis.by

(AG)

 

Фота grodnensis.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.