Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Савіо-клуб у салезіянскім араторыі ў Смаргоні папоўніўся новымі ўдзельнікамі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.10.2014 11:26

5 кастрычніка адбылася першая ў гэтым навучальным годзе сустрэча старэйшай групы Савіо-клуба ў салезіянскім араторыі ў Смаргоні. Клуб дзейнічае ў араторыі тры гады, праз сумесныя сустрэчы дзеці разам з аніматарамі шукаюць шлях да святасці.

На сустрэчы хлопцы і дзяўчаты прыгадалі абяцанні, якія склалі Богу ў мінулым годзе і якія дапамагаюць ім ісці да святасці. Праз малюнкі і сцэнкі дзеці паказалі, як прыклад св. Дамініка Савіо дапамагаў ім быць сапраўднымі хрысціянамі падчас лета. Напрыканцы былі гульні, а завяршылася сустрэча традыцыйным слоўкам на дабранач, песняй да Дамініка Савіо і малітвай.

Праз удзел у Савіо-клубе пры смаргонскай парафіі ў дзяцей ёсць магчымасць ісці па слядах св. Дамініка Савіо, які выхоўваўся ў араторыі св. Яна Боско і прыкладам свайго жыцця пацвердзіў, што святасць у 14-гадовым узросце магчыма. Ісці да святасці ўдзельнікам клуба дапамагаюць сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, а таксама гульні, выхады на прыроду, выезды. На працягу некалькіх гадоў ужо склаўся сяброўскі калектыў, які вызнае сваю веру і погляды не толькі ў араторыі, але і сярод сваіх сяброў у школе і ў сям’і.

У гэтым годзе Савіо-клуб папоўніўся новымі ўдзельнікамі і зараз налічвае каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў — малодшую і старэйшую групы. Першая сустрэча для малодшай групы адбылася разам з іх бацькамі, каб яны адчулі сямейны і радасны дух, які пануе на сустрэчах клуба. Праз сумеснае знаёмства адзін з адным, з аніматарамі і сястрой законнай, а таксама праз гульні бацькі даведаліся пра дзейнасць клуба. У гэтым годзе навічкі будуць вывучаць жыццё св. Дамініка Савіо і падрабязна знаёміцца з правіламі клуба.

Паводле sdb.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.