Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцы міхаліты святкуюць 25-годдзе служэння ў парафіі ў Шыдловічах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.10.2014 16:17

7 кастрычніка ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шыдловічах святкавалі адпустовыя ўрачыстасці Маці Божай Ружанцовай, а таксама маліліся ў знак падзякі за 25-ці гадовую працу айцоў міхалітаў у Беларусі.

У святой Імшы, якую ўзначаліў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, прынялі ўдзел настаяцель міхалітаў у Беларусі кс. Казімеж Радзік, генеральны эканом кс. Ежы Сасінскі і больш за 20 святароў, у іх ліку міхаліты, што працуюць у парафіях у Беларусі.

Пасля прывітання біскуп асвяціў памятны камень (вагой больш за 15 тон), які ўвекавечвае 500-годдзе шыдловіцкай парафіі, 100-годдзе мясцовага касцёла і 25-гадовы юбілей працы міхалітаў у Беларусі.

Змешчаны пры ўваходзе на прыкасцёльную тэрыторыю камень — падарунак ад дзяржаўных уладаў, якія такім чынам ацанілі вялікі ўклад парафіі ў рэлігійнае і культурнае жыццё мясцовай грамадскасці.

Нягледзячы на тое, што ўрачыстасць адбывалася ў працоўны дзень, адноўленая святыня была запоўнена. Падчас Імшы было сказана шмат слоў падзякі пробашчу кс. Мар’яну Хаменю, які ад самага пачатку — ужо на працягу 25 год — духоўна, матэрыяльна і фізічна праводзіў аднаўленне парафіі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў настаяцелю міхалітаў кс. Казімежу Радзіку. У сваю чаргу настаяцель міхалітаў зазначыў, што праца айцоў не была б такой плённай, каб не дапамога законных сясцёр з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці. Святар назваў іх «анёламі-апекунамі» тутэйшай парафіі, а сястры Эгіліі Арцямюк ZMBM у знак падзякі ўручыў абраз св. Міхала Арханёла.

Гэты дзень для міхалітаў з Беларусі стаў заканчэннем кананічнай візітацыі, якую з 2 кастрычніка праводзіў настаяцель ордэна кс. Казімеж Радзік і эканом кс. Ежы Сасінскі. Падчас спецыяльнага набажэнства настаяцель падвёў вынікі свайго прабывання, падзяліўся развагамі, датычнымі прысутнасці Кангрэгацыі ў Шыдловічах.

Ксёндз Ежы Сасінскі агучыў канферэнцыю на тэму «Я бягу… за Езусам?». Аналізуючы біблійны выпадак з Ерыхона — сустрэчу Езуса з Закхеем, — святар звярнуў увагу, што ўсе нейкім чынам «упрэжаны ў пагоню» свету і часта павінны пытацца ў сябе: ці ў сваім кансэкраваным жыцці і душпастырскім служэнні я бягу за Езусам?

Напрыканцы настаяцель ордэна кс. Казімеж Радзік благаславіў сабраных Найсвяцейшым Сакрамэнтам і запрасіў на бліжэйшую сустрэчу настаяцеляў і пробашчаў супольнасці, якая адбудзецца ў Марках 20-22 кастрычніка.

А. Кшыштаф Пасвята CSMA
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.