Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіянскі араторый імя блл. мучанікаў з Познані адкрыўся ў Дзятлаве
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.10.2014 12:38

11 кастрычніка ў Дзятлаве адбылося асвячэнне і ўрачыстае адкрыццё салезіянскага араторыя імя благаслаўлёных мучанікаў з Познані.

Першым пунктам адкрыцця араторыя была Эўхарыстыя, падчас якой была асвечана скульптура св. Яна Боско. Салезіяне ў Дзятлаве служаць ужо больш за 60 гадоў, таму святы апостал моладзі не з’яўляецца для дзятлаўчан чужым. Вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ахвярна сабіралі сродкі, каб у іх касцёле магла з’явіцца выява гэтага святога.

Скульптуру парафіяне ўрачыста прынеслі да алтара ў працэсіі з дарамі. Пасля Імшы галоўны госць свята, рэгіянальны настаяцель супольнасці св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, асвяціў яе ў бочным алтары святыні.

Пасля набажэнства да святога сабраныя мелі магчымасць ушанаваць яго рэліквіі.

У гаміліі падчас Імшы кс. Віктар Гайдукевіч звярнуўся да біяграфій апекуноў новага беларускага араторыя — благаслаўлёных юнакоў, мучанікаў з Познані. «Яны былі звычайнымі хлопцамі, але ў час выпрабаванняў яны не паддаліся, не зламаліся і вытрывалі да канца, — адзначыў святар. — Гітлераўцы пралілі іх нявінную кроў, забілі целы, але дух забіць ім не ўдалося. Перад экзекуцыяй іх твары былі спакойнымі. Яны ведалі, з Кім праз момант сустрэнуцца ў нябеснай хвале…» Ксёндз Віктар Гайдукевіч зачытаў таксама два ўрыўкі з «Лістоў з-пад гільятыны», якія мучанікі напісалі за некалькі гадзін да смерці. У гэтых урыўках хлопцы дзякавалі Богу за тое, што паміраюць ва ўспамін Марыі Успамогі Хрысціянаў (24 жніўня). Яны не лямантуюць, але з усмешкай і падзякай за жыццё, бацькоў і за магчымасць хадзіць у салезіянскі араторый адыходзяць у вечнасць. Ксёндз Віктар Гайдукевіч падкрэсліў, што абранне «познаньскай пяцёркі» апекунамі новага араторыя заклікае дзятлаўскую моладзь да наследвання іх мужнасці і нязломнасці ў веры.

Пасля Імшы ўсе сабраліся на аратарыйным дзядзінцы каля капліцы Маці Божай і новага аратарыйнага крыжа. Ксёндз Віктар Гайдукевіч благаславіў будынак араторыя, крыж і грот Маці Божай.

Затым святочнае мерапрыемства перанеслася ў спартыўны зал гімназіі, якая знаходзіцца па суседстве з араторыем. У праграме было шмат танцаў і сцэнак. Напрыканцы моладзь з Дзятлава выканала свой аратарыйны гімн «Ксёндз Боско заўсёды ёсць з намі», які быў спецыяльна падрыхтаваны з нагоды адкрыцця араторыя. Выступіў і музычны каталіцкі гурт «Небасхіл», які парадаваў дзятлаўчан спевам і музычнай анімацыяй.

Паводле sdb.by

(AG)

 

Фота sdb.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.