Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Лідская моладзь сустрэлася з генералам ордэна піяраў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.10.2014 11:14

У парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Лідзе (м-н Індустрыяльны) адбылася важная падзея: парафію наведаў генерал ордэна піяраў кс. Пэдро Агуадо і правінцыял польскай правінцыі кс. Юзаф Матрас.

«Кажыце не пра мяне, а пра Езуса Хрыста»

Важным момантам візіту была сустрэча з моладдзю. Хоць быў і аўторак, але на сустрэчу сабралася шмат жадаючых. Нягледзячы на цяжкасці з перакладам (з іспанскай мовы перакладалі на польскую, а потым ужо на зразумелую для прысутных мову), дыялог усё ж такі адбыўся.

Генерал супольнасці падзяліўся з намі гісторыяй піяраў, расказаў пра іх мэты і дзейнасць на працягу існавання манаскага ордэна.
Цікавым фактам стала і тое, што піяраў у свеце ажно 1,5 тысячы. Працуюць яны ў 37 краінах. У Іспаніі —  400 айцоў піяраў, у Польшчы – 120, у Беларусі 7, а ў Кітаі – 2.

Даволі немалыя лічбы, калі ведаць, што заснавальнік ордэна св. Юзаф Каласанс ніколі не хацеў вядомасці і велічы (але пры гэтым вельмі шмат зрабіў: заснаваў першую ў свеце бясплатную школу, абараняў права на адукацыю для дзяцей і інш.), і калі б чуў, што зараз кажуць пра яго, напэўна, адказаў бы: «Кажыце не пра мяне, але пра Езуса Хрыста!». Таму і сам генерал нагадваў: «Калі я табе гавару пра Каласанса, то ў першую чаргу я кажу пра Езуса».


«Заўсёды» і «ўсім сваім сэрцам»

У другой частцы сустрэчы была магчымасць задаць пытанні. Моладзь цікавілася пакліканнем генерала і яго выбарам ордэна піяраў. Як аказалася, будучы законнік сам вучыўся ў піярскай школе, таму пранікся любоўю да яе яшчэ з дзяцінства. Пра сваё пакліканне генерал кажа словамі св. Юзафа Каласанса: «Тут, у Рыме, я знайшоў найлепшы спосаб служэння Богу і людзям. І нішто на свеце не прымусіць мяне адмовіцца ад гэтага…»

Выбранне ордэна ён параўнаў з выбарам дзяўчыны: існуе шмат добрых, можа, нават у чымсьці лепшых, але выбіраеш менавіта тое, што бліжэй да твайго сэрца.

А напрыканцы было пытанне-«сюрпрыз» для беларускіх святароў. Генерал спытаў іх, чаго яны жадаюць ад моладзі, і з іх адказаў вылучыў два галоўныя пункты: «заўсёды» і «ўсім сваім сэрцам» — гэта значыць, што мы павінны заўсёды, дзе б ні былі і ў якой сітуацыі ні знаходзіліся б, усім сваім сэрцам любіць Бога і бліжніх.

Кранальным фактам стала агучаная айцамі піярамі інфармацыя, што былы піярскі кляштар у Лідзе, які цяпер з’яўляецца праваслаўнай царквой, быў заснаваны па жаданні самога св. Каласанса ў апошнія гады яго жыцця.

…Размова ішла актыўна. Моладзі таксама былі зададзены пытанні: пра парафію, святароў і адносіны да Бога, веры і Касцёла.
Скончыць сустрэчу генерал ордэна вырашыў так, як, напэўна, скончыў бы яе св. Юзаф Каласанс — бласлаўленнем.

Кацярына  Мурамская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.