Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Скайп — ключ, каб дастукацца да моладзі»: маладыя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі з’ядналіся ў малітве Ружанца
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.10.2014 15:20

Чацвёрты год запар 18 кастрычніка адбылася малітва на ружанцы моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У рамках Ружанцовага Кангрэсу, які адбываецца ў Беларусі, маладыя вернікі дыяцэзіі (Гродна — Гудагай — Воранава — Ліда — Навагрудак) з’ядналіся ў ружанцовай малітве праз скайп.

Жаданнем удзельнікаў малітвы было тое, каб у свеце і ў сэрцах людзей запанавала еднасць.

Спачатку гродзенская моладзь удзельнічала ў святой Імшы ў гродзенскім пабрыгідскім касцёле, якую ўзначаліў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што сёння трэба добра выбраць шлях, якім ісці, а ў абранні гэтага шляху дапамагае Езус Хрыстус, які з’яўляецца сапраўдным святлом.

«Ад нас залежыць, ці ўнясём мы ў сучасныя тэхналогіі, якія нас злучаюць, змест Евангелля», — падкрэсліў біскуп, а таксама заахвоціў маладых людзей, сабраных на малітве ў розных кутках дыяцэзіі, імкнуцца чыніць дабро.

Біскуп прыгадаў моладзі, што Ружанец — гэта спосаб навучыцца жыць паводле Евангелля і рабіць сваё жыццё напоўненым евангельскім духам.

Ініцыятарам акцыі, якая адбылася ўжо ў чацвёрты раз, было душпастырства студэнцкай моладзі Гродна «Open». Як адзначыў у размове з Сatholic.by кс. Антоні Грэмза, маладыя людзі адчуваюць патрэбу ў малітве. «Наша сіла ў малітве, дзякуючы якой мы можам адчуць веліч нашай супольнасці», — дадаў святар, кажучы пра ружанцовую малітву праз скайп, і падкрэсліў, што інтэрнэт і новыя тэхналогіі павінны служыць чалавеку ў духоўным развіцці: «Трэба выкарыстаць сучасныя тэхналогіі для абвяшчэння Евангелля. Гэта спрыяе таксама інтэграцыі моладзі, рассеянай па розных гарадах і вёсках нашай дыяцэзіі».

Па словах святара, праз гэты спосаб малітвы, які ўжо стаў традыцыяй у кастрычніку, удзельнікі хочуць паказаць, што Ружанец — малітва не толькі людзей у сталым узросце, але што яна актуальная і для моладзі, трэба толькі знайсці адпаведны спосаб. «Скайп — гэта ключ, каб дастукацца сёння да моладзі», — адзначыў кс. Антоні Грэмза.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.