Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэліквіі бл. Ежы Папялушкі ўнесены ў парафіяльны касцёл у Сапоцкіне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.10.2014 20:34

19 кастрычніка, калі адзначалася 30-я гадавіна мучаніцкай смерці благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі, у парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне падчас святой Імшы былі ўнесены рэліквіі крыві благаслаўлёнага.

Усё яшчэ жывое захапленне сведчаннем сціплага святара, які заахвочваў да таго, каб знікла насілле, заклікаў перамагаць зло дабром і жыць Евангеллем. Гэта пацвярджае і падзея ўнясення яго рэліквій у сапоцкінскі касцёл. З гэтага часу рэліквіі будуць знаходзіцца каля алтара, каб вернікі маглі ўшаноўваць благаслаўлёнага, маліцца аб яго хуткай кананізацыі і праз яго заступніцтва звяртацца да Бога са сваімі просьбамі і інтэнцыямі.

Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі, які ўзначаліў Імшу, у гаміліі распавёў пра жыццё кс. Ежы Папялушкі і гераічнасць яго ўчынкаў. Па словах святара, кс. Папялушка ў штодзённым жыцці заўсёды кіраваўся дэвізам «перамагай зло дабром», таму ў імя дабра аддаў сваё жыццё ў абароне праўды.

Пробашч парафіі заклікаў вернікаў таксама кожны дзень кіравацца гэтым дэвізам, адзначыўшы, што сённяшні свет патрабуе такіх адважных сведкаў, якія сваім прыкладам зменяць яго аблічча і ў імя праўды і справядлівасці будуць нават і прымаць цярпенні.

Ксёндз Ежы Папялушка быў пахаваны каля касцёла св. Станіслава Косткі ў Варшаве. На працягу 30 гадоў з часу яго смерці да яго магілы пілігрымавалі больш за 20 мільёнаў чалавек, у тым ліку Папа Ян Павел ІІ і Папа Бэнэдыкт XVI, прэзідэнты і прэм’еры краін, палітыкі і дзеячы культуры, а таксама звычайныя людзі, у тым ліку і няверуючыя, з усіх кантынентаў — сярод іншаземцаў пераважна французы, італьянцы і амерыканцы. Цікава, што французы пілігрымавалі да месца пахавання кс. Ежы Папялушкі яшчэ задоўга да цудоўнага аздараўлення іх земляка, якое адкрыла шлях да кананізацыі святара-мучаніка.

Рэліквіі благаслаўлёнага захоўваюцца ў больш за 1000 касцёлаў ва ўсім свеце — і ў такіх аддаленых краінах, як Уганда, Балівія, Перу. У Беларусі яны знаходзяцца таксама ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Камаях (Віцебская дыяцэзія).

Ксёндз Ежы Папялушка быў беатыфікаваны 6 чэрвеня 2010 г. у Варшаве як мучанік за веру.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.