Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Кашкевіч ва ўрачыстасць Усіх Святых: «Сёння патрэбны людзі, здольныя будаваць масты разумення паміж ворагамі» (+фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.11.2014 15:38

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Збавіцеля і Усіх Святых на старыx Бернардынскіx могілкax.

У дзень, калі Паўсюдны Касцёл узгадвае ў літургіі ўсіх святых разам, вернікі парафіі і жыхары Гродна сабраліся ў святыні і каля яе. Успамінаючы ўсіх святых, Касцёл ушаноўвае іх і просіць аб дапамозе і апецы.

У гаміліі, кажучы пра таямніцу гэтага дня, біскуп заўважыў, што святыя перадусім з’яўляюцца людзьмі, поўнымі Бога, нягледзячы на свае памылкі і салабасці. Іерарх адзначыў, што святасць – гэта не ўзнагарода за добрыя ўчынкі, але Божы дар, які кожны чалавек атрымаў падчас хросту.

«Жыццё вечнае — прызначэнне чалавека»

Гродзенскі ардынарый заахвоціў вернікаў імкнуцца да святасці на ўзор святых, якія цешацца прабываннем з Богам у вечнасці. «Дарога да святасці, паказаная Хрыстом, нялёгкая, патрабуе адрачэнняў, прысвячэння, ахвяраў і цярпення», — дадаў іерарх.

«Прызначэнне чалавека — жыццё вечнае, гэта значыць калі ён адноўлены, абмыты ў Крыві Баранка, вызвалены ад граху і смерці. Іншымі словамі — значыць быць чалавекам адкупленым, ці шчаслівым шчасцем самога Бога, — падкрэсліў біскуп. — Усе мы пакліканы да вечнага жыцця, да святасці. Відаў святасці столькі, колькі ёсць людзей. Кожны ідзе сваёй дарогай да Бога».

Іерарх заўважыў, што Касцёл ганарыцца мноствам мучанікаў, якія, пачынаючы з першых стагоддзяў хрысціянства і да нашых часоў, аддалі жыццё за веру.


«Кроў мучанікаў прыносіць шчодрыя плады святасці»

«Мінулае ХХ стагоддзе было стагоддзем мучанікаў, бо іх было больш у той час, чым у першыя стагоддзі пераследу. Як гродзенцы мы таксама можам ганарыцца мучанікамі, звязанымі з нашай зямлёй», — дадаў біскуп.

Іерарх узгадаў некаторых мучанікаў, звязаных з Гродна. Біскуп успомніў святога Максімільяна Марыю Кольбэ, які пяць гадоў служыў у мясцовым францішканскім касцёле і паказаў, што нават у лагеры смерці ў Асвенцыме чалавек можа не страціць годнасці, застацца вялікім і высакародным, здольным на найпрыгажэйшы ўчынак любові, якім з’яўляецца адданне жыцця за бліжняга; благаслаўлёную Мар’яну Бярнацкую, якая загінула ў Навумавічах, адаўшы жыццё за нявестку і яе ненароджанае дзіця; благаслаўлёных сясцёр назарэтанак — мучаніц з Навагрудка, якія пайшлі на смерць, ахвяруючы сябе за святара і мясцовых жыхароў.

Біскуп прывёў таксама статыстычныя даныя, у адпаведнасці з якімі сёння ў розных месцах свету кожныя тры хвіліны адзін хрысціянін аддае жыццё за веру. «Кроў мучанікаў надалей апладняе ніву Касцёла, прыносячы шчодрыя плады святасці», — дадаў іерарх.

Кажучы пра тое, якія людзі патрэбны сучаснаму свету, гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што гэта тыя, якія здольныя «прысвяціць асабістае дабро дзеля большага супольнага дабра», здольныя «будаваць масты разумення паміж ворагамі», «ціхія і міласэрныя, якія чыняць мір і прагнуць справядлівасці». Біскуп пажадаў, каб «у нас не было недахопу ў такіх, якія з любові да Хрыста гатовы цярпець пераслед, а нават і ахвяраваць сваё жыццё».

 

Пасля Імшы духавенства і шматлікія вернікі Гродна на чале з біскупам прайшлі ў жалобнай працэсіі, падчас якой затрымаліся на 5 стацыях і маліліся за ўсіх памерлых розных жыццёвых станаў.


Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.