1 лістапада, калі Паўсюдны Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў вячэрнюю святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і жыхары горада.
Згадваючы пра таямніцу гэтага дня, іерарх сказаў: “Сярод вас ёсць святыя. Не глядзіце толькі на алтары, бо святыя людзі ёсць і сярод вас. Мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб, жывучы на зямлі, упадабняцца да Езуса Хрыста. Неабходна, каб наша адзенне было выбелена ў крыві Баранка”.
Біскуп нагадаў, што ў гэты дзень католікі ўспамінаюць незлічонае мноства тых, якія могуць быць годным узорам для наследавання, з’яўляюцца сведкамі і праваднікамі на шляху да дому добрага Айца, які ў небе. Іерарх дадаў, што акрамя ўсіх тых святых, чые імёны вядомыя, да якіх вернікі звяртаюцца ў штодзённых малітвах, ёсць таксама шмат “ананімных” святых: іх жыццё і ўчынкі невядомыя, і тым не менш яны святыя ў вачах Бога.
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што да святасці пакліканы кожны чалавек праз факт далучэння да Касцёла ў сакрамэнце хросту. Па словах іерарха, “нікога не павінна здзіўляць, што на зямлі мы сапраўды з’яўляемся толькі пілігрымамі, якія імкнуцца праз зямное жыццё да канчатковай мэты”, і “гэтая пілігрымка – шлях да спаткання з Богам у шчаслівай вечнасці”.
“Зямное пілігрымаванне павінна быць духоўным узрастаннем чалавека. У гэтым узрастанні мы павінны ўпадабняцца да Хрыста, каб дасгнуць мэты нашага жыцця, якая на самой справе нам добра вядомая ад нараджэння”, - сказаў біскуп і дадаў, што найважнейшае ў гэтым – “вытрываць у пілігрымцы веры”, што забяспечыць чалавеку збаўленне.
Пасля Імшы духавенства і вернікі прынялі ўдзел у жалобнай працэсіі па касцёле, у ходзе якой падчас пяці стацый маліліся за ўсіх памерлых розных жыццёвых станаў.
Кс. Юрый Марціновіч
|