Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Кашкевіч асвяціў адноўленую капліцу на могілках у Росі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.11.2014 12:21

2 лістапада, у літургічны успамін усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў адноўленую капліцу св. Стэфана на могілках у Росі. Ва ўрачыстасці пасвячэння прынялі ўдзел парафіяне, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, а таксама спонсары — усе, дзякуючы каму ўдалося аднавіць занядбаную капліцу. Ініцыятарам аднаўлення капліцы, якая была часткова разбурана, выступіў мясцовы пробашч кс. Чэслаў Паўлюкевіч.

Архітэктурная пярліна ваўкавыскай зямлі

Мураваную капліцу на могілках у Росі фундаваў у свой час уласнік маёнтка Стэфан Патоцкі, ініцыятыву якога падтрымала яго сястра Ядвіга Браніцкая. У 1891 годзе Патоцкі звярнуўся да віленскага кансістора аб дазволе на пабудову могілкавай капліцы з правам на цэлебрацыю ў ёй святой Імшы за памерлых. Будовай кіраваў Тэафіл Люба ў 1901-1902 гадах. Цэгла была прывезена  з мясцовай цагельні, а астатнія будаўнічыя матэрыялы і ўсе элементы дэкору — з Варшавы.



У 1904 годзе кс. Браніслаў Сарасек асвяціў капліцу. Фундатара пасля смерці пахавалі ў саркафагу. Да 1939 года капліца належала ўласнікам маёнтка. Саркафаг Стэфана Патоцкага знаходзіўся на сваім месцы да 1959 года, пакуль адзін з жыхароў Росі не знішчыў яго выбуховым рэчывам. Вітражы ў 70-х гадах ХХ стагоддзя выбілі салдаты з уладкаванай паблізу могілак ваеннай часткі…

Працы па навядзенні парадку ў капліцы распачаў кс. Людвік Станішэўскі. Сённяшні пробашч кс. Чэслаў Паўлюкевіч выступіў ініцыятарам аднаўлення першаснага дэкору, у якім неарамантызм спалучаны з элементамі неаготыкі — адзін з цікавейшых прыкладаў у архітэктуры.

Вырушыць у дарогу да дому Айца

Пасля асвячэння капліцы біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу ў інтэнцыі ўсіх памерлых, якія пахаваныя на мясцовых могілках, і за ўсіх памерлых парафіі ў Росі.

Звяртаючы ўвагу на дзень памяці ўсіх памерлых, іерарх зазначыў, што кожны перажыты год, месяц і дзень набліжаюць чалавека да моманту сустрэчы са Стварыцелем. «Можна сказаць, што жыццё вядзе нас да чарговага нараджэння, гэтым разам свядомага — нараджэння для вечнага жыцця», — сказаў гродзенскі ардынарый.

«Як хрысціяне, мы верым, што тыя, хто адышоў ад нас, не вырушылі ў дарогу ў нікуды, не растварыліся ў небыцці, аднак выбралі сабе дарогу да дому Айца, месца, куды першым пайшоў  Езус, каб падрыхтаваць месца для нас», — зазначыў біскуп Кашкевіч.

Іерарх заахвоціў вернікаў, каб добра выкарыстоўвалі кожную хвіліну, якую дае Пан Бог, каб такім чынам збіраць скарбы ў небе. Біскуп заахвоціў да малітвы за ўсіх сваіх памерлых і за душы, якія церпяць у чысцы. Іерарх зазначыў, што найвялікшым дарам, які можам ахвяраваць душам у чысцы, з’яўляецца наша малітва.

«Інтэнцыя на святой Імшы, Ружанец, наведванне могілак і адмаўленнем хаця б адной малітвы будзе для іх найвялікшым выразам нашай памяці і любові, які дапаможа на вякі з’яднацца з Божай міласэрнасцю», — дадаў біскуп.

Пасля Імшы адбылася жалобная працэсія па могілках, падчас якой былі ўзгаданыя памерлыя вернікі, якія апярэдзілі нас у дарозе на неба. Падчас пяці стацый маліліся за людзей усіх жыццёвых станаў. Малітвай былі ахопленыя ўсе памерлыя фундатары і ахвярадаўцы адноўленай капліцы, святары, якія працавалі ў парафіі, а таксама ўсе тыя, каго не хапае ў іх сем’ях.

Кс. Юрый Марціновіч, (JLS)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.