Гродзенскі дыяцэзіяльны хор Cantate Domino адзначае 15-годдзе свайго існавання. Упершыню хор выступіў у сакавіку 1999 года ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец). Менавіта ў гэтай парафіі і ўзнік хор. На сёння Cantate Domino ужо даўно выйшаў па-за межы парафіі.
У хоры спяваюць 43 чалавекі. З самага пачатку кіраўніком хору з’яўляецца
Генрых Давідовіч. Хор выконвае спевы на трох мовах: польскай, лацінскай і
беларускай.
Дзякуючы стараннай працы і ўдасканаленню сваіх музычных і вакальных здольнасцяў, з цягам часу хор усё больш павышае свой узровень. Яго пачалі запрашаць у іншыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, таксама ён мае выступы і па-за межамі Беларусі. 
Падчас выступлення ў польскім Цехануве (2014, урачыстасць св. Яна Паўла ІІ)
Музычны кіраўнік Генрых Давідовіч прыгадвае, што для хора найбольш ганаровым быў удзел у святой Імшы ў гродзенскай катэдры, калі Эўхарыстыю цэлебраваў Дзяржсакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бертонэ.
Першым творам, які выканаў хор, была рэлігійная кампазіцыя Франца Шуберта «Святы». Нягледзячы на тое, што кожны з харыстаў мае свой любімы твор, усе ўдзельнікі хору агулам вылучаюць у лік любімых спеў «Дай нам адшукаць сляды Божыя». Рэпертуар складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў класічнай музыкі.
Выконваючы кожны твор, харысты ўкладаюць у гэта душу і сэрца, маючы надзею, што дзякуючы гэтаму слухачы набліжаюцца да Бога.
З юбілейным канцэртам 22 лістапада, на ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, хор будзе выступаць ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя пасля Імшы ў 19.00, літургічны спеў на якой ён таксама рыхтуе.
Кс. Юрый Марціновіч, (AYU)
|