Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі пяць дыяканаў з Гродзенскай дыяцэзіі (абноўлена)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.11.2014 15:08

8 лістапада ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe пяці навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі кс. Аляксандр Вараб’ёў, кс. Дзмітрый Леўчык, кс. Павел Раманоўскі, кс. Аляксандр Сямінскі i кс. Марэк Занеўскі.

Ва ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, родныя новапрэзбітэраў і шматлiкiя вернiкi. Кандыдатаў прадставіў біскупу Аляксандру Кашкевічу рэктар семiнарыi кс. Раман Рачко.

Новыя святары Гродзенскaй дыяцэзii:

Кс. Аляксандр Вараб’ёў (парафія Св. Францішка Ксаверыя, Гродна)

«Сёння цяжка знайсці цішыню і пачуць голас Бога. Юнакам, якія плануюць стаць на шлях святарства, хочацца пажадаць адвагі і рашучасці. Размаўляйце з Богам на малітве, прасіце ў Яго мудрасці. Памятайце, што толькі з Езусам мы можам зрабіць адпаведны выбар».

 

Кс. Дзмітрый Леўчык (парафія Св. Міхала Арханёла, Навагрудак)


«Cвятар у сучасным свеце павінен прапаведваць Бога праз аказанне любові, зычлівасці і разумення духоўных патрэб чалавека. Дзейснай формай евангелізацыі з’яўляецца ўказанне Бога, які шукае чалавека. Святар пасланы да кожнага чалавека без выключэнняў, бо кожны створаны па вобразу Божаму».


 

 

Кс. Павел Раманоўскі (парафія Св. Міхала Арханёла, Смаргонь)


«Паколькі Касцёл з’яўляецца Паўсюдным, святар павінен прыходзіць да кожнага патрабуючага чалавека, незалежна ад яго сацыяльнага статусу і поглядаў. Святар павінен прапаведаваць Бога ўсімі магчымымі сродкамі, але перш за ўсё сведчаннем аб Уваскрослым Хрысце. Пакліканы чалавек павінен без рэшты аддаваць Богу і людзям увесь свой час, сілы, таленты».

 

Кс. Аляксандр Сямінскі (парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Гродна (Паўднёвы)

«Усім, хто б хацеў абраць шлях святарства, раю шукаць Бога на малітве, разважанні над Божым словам, жыць у стане асвячальнай ласкі і часта, нават у звычайны дзень, прыходзіць на святую Імшу і прымаць Езуса ў святой Камуніі. Гэтыя духоўныя практыкі дапамогуць распазнаць і ўмацаваць любоў да Бога, якая з’яўляецца падмуркам кожнага паклікання».

 

Кс. Марэк Занеўскі (парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці, Гродна)

«Развіццё інфармацыйных тэхналогій спрыяе таму, што словы губляюць вартасць і сэнс, і таму святар XXI стагоддзя павінен несці Божае слова, падмацаванае асабістым прыкладам жыцця. Святарства для мяне — гэта таксама і пэўная таямніца: чаму Бог абраў менавіта мяне? Ёсць столькі лепшых, больш здольных і нават больш пабожных людзей, але з усіх іх Бог выбраў менавіта мяне. Святарства — перш за ўсё атаясамленне сябе з Хрыстом. Немагчыма ўявіць сабе святарскае служэнне без ускладзенай на святара вялікай адказнасці за будучы лёс чалавека — яго збаўленне».

Абвяшчаць Евангелле словам і сведчаннем жыцця

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што дзень прэзбітэрскага пасвячэння — дзень вялікай радасці для ўсяго Касцёла, а асабліва для тых, хто ўтварае супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне. Па словах іерарха, з моманту прэзбітэрскага пасвячэння новыя святары «будуць абвяшчаць Хрыстовае Евангелле словам і асабістым сведчаннем жыцця», «стануць распарадчыкамі святых сакрамэнтаў, каб умацоўваць і асвячаць верны люд Божай ласкай». Яны, як дадаў біскуп, «будуць пасланы, каб атачаць айцоўскай апекай усіх, да каго іх накіруе Хрыстус: дзяцей і моладзь, хворых і пажылых людзей, шчырых парафіян і тых, хто далёкі ад Касцёла, якія чакаюць ад святара святла Божага слова, дару малітвы і зычлівай дапамогі ў знаходжанні дарогі навяртання».

«Чым больш святар будзе ўсведамляць неспасцігальную веліч дару, які быў яму дадзены, з тым большай радасцю і даверам будзе дзяліцца Божымі дарамі з тымі, да каго будзе пасланы. Каб зведаць гэтую радасць і Хрыстовую моц, трэба перадусім самому быць з’яднаным з Хрыстом», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Звяртаючыся да прымаючых пасвячэнне, іерарх адзначыў, што падчас абраду пасвячэння іх далоні будуць намашчаны алеем хрызма. «Алей — сімвал радасці, бо сам Хрыстус намашчае вас ім, каб вы прынялі гэты дар і ўмелі перадаць яго вернікам, да якіх будзеце пасланы», — патлумачыў біскуп.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных вернікаў, гродзенскі ардынарый заўважыў: «Іх пакліканне — гэта таксама плён вашых малітваў, вашага сведчання, вашага вернага трывання побач з Хрыстом». Біскуп папрасіў вернікаў падтрымліваць святароў малітвай, выпрошваць для іх «вернасць Хрысту і стойкасць у служэнні Яму, асабістую святасць і святло Духа Святога ў душпастырскім служэнні». «Няхай, узмоцненыя Божай ласкай, яны як мага лепш служаць усім, хто будзе шукаць у іх дапамогі», — пажадаў іерарх.

У асобе святара сам Хрыстус прысутны сярод свайго люду

На заканчэнне Імшы ад імя новапасвячаных святароў да прысутных звярнуўся кс. Аляксандр Сямінскі, які падзякаваў Богу за дар паклікання да службы ў Хрыстовым Касцёле, выказаў удзячнасць усім, хто паспрыяў таму, што зерне паклікання саспела і прынесла плён у сэрцах новапрэзбітэраў.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў: «Уваскрослы Хрыстус, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, выбірае і кліча чалавека, уключае яго ў сваё служэнне, і такім чынам сам Хрыстус, наш Збаўца, у асобе святара прысутны сярод свайго люду і шчодра адорвае яго ласкамі на шляху адкуплення».

Іерарх падзякаваў таксама бацькам новапрэзбітэраў за дар веры, які яны перадалі сваім дзецям, за сведчанне любові да Бога і вернасці Касцёлу, за тое, што, шануючы дар паклікання, аддалі сваіх сыноў на службу Богу і Яго люду. «Зерне Божага паклікання ўпала на ўрадлівую глебу сэрцаў вашых сыноў і прынесла плён, бо гэтая глеба была падкормлена вашымі малітвамі, працай выхавання, усім тым дабром, якое яны адчулі ў бацькоўскім доме», — дадаў біскуп.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.