Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.11.2014 21:11

9 лістапада ўвечары Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе ў 1988–1991 гг. быў пробашчам.

У гаміліі іерарх паразважаў над чытаннем Евангелля ХХХІІ Звычайнай нядзелі аб пяці неразумных і пяці мудрых паннах. Першыя пайшлі спаткаць жаніха без алівы ў лямпах і не змаглі трапіць на вяселле, бо калі прыйшлі, дзверы ўжо былі зачынены, а іншыя шчасліва трапілі туды. Гэты евангельскі аповед, па словах Мітрапаліта, — «не што іншае, як перасцярога быць падрыхтаванымі да прыйсця Пана, бо Ён прыйдзе тады, калі мы не спадзяёмся».

Таксама іерарх распавёў удзельнікам Імшы гісторыю. Адзін чалавек, калі ў яго спыталіся, што ён рабіў бы, калі б ведаў, што Хрыстус прыйдзе на наступны дзень, адказаў, што паеў бы, лёг бы спаць, рана ўстаў бы і пайшоў на працу, бо хацеў бы, каб Езус знайшоў яго выконваючым тое, да чаго Бог яго паклікаў. «Да такога ўспрыняцця другога прыйсця Езуса выхоўвае нас Касцёл, які праз увесь літургічны год вядзе нас да праўды аб спатканні з Хрыстом, што ў другі раз прыйдзе судзіць жывых і памерлых», — адзначыў арцыпастыр.

Гэтае выхаванне, нагадаў Мітрапаліт, Касцёл ажыццяўляе праз святароў і біскупаў, заданне якіх — «вучыць людзей праўдзе Евангелля, асвячаць іх Божай ласкай праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіраваць імі».

Па словах арцыбіскупа, так здарылася, што 14 лютага 1988 г. ён быў прызначаны пробашчам гэтай францішканскай парафіі і адначасова пробашчам гродзенскай парафіі Св. Францішка Ксаверыя. Сённяшні Мітрапаліт добра ведаў гэты касцёл Маці Божай Анёльскай, бо пасля пераезду з Адэльска ў Гродна жыў зусім недалёка, таму гэты касцёл быў яго парафіяльным касцёлам, у якім асаблівым чынам праслаўлялася Маці Божая Анёльская і св. Антоні, на штогадовыя ўрачыстасці якіх заўсёды збіралася вельмі шмат вернікаў.

Таксама Мітрапаліт узгадаў у гаміліі аб тым, як, яшчэ будучы маленькім, моцна хварэў. Тады яго мама, якая ў той час была з ім у шпіталі, які яшчэ да сённяшняга дня знаходзіцца ў францішканскім кляштары, прынесла яго ў касцёл і паклала на алтары Маці Божай Анёльскай, просячы аб ласцы здароўя для яго. Арцыпастыр успомніў і пра тое, як у часы ганеняў на веру, калі павінен быў пакінуць Педагагічны інстытут з-за сваіх рэлігійных перакананняў, ён маліўся перад алтаром святога Антонія, просячы аб ласцы знайсці магчымасць працягнуць адукацыю, і адсюль паехаў у Леніград у Палітэхнічны інстытут.

На пасадзе пробашчаў дзвюх гродзенскіх парафій 25 ліпеня 1989 г. сённяшняга Мітрапаліта спаткала біскупскае прызначэнне. 27 кастрычніка 1989 г. у францішканскім касцёле ён цэлебраваў сваю першую Імшу як біскуп пасля вяртання з Рыма, дзе 20 кастрычніка ў базыліцы св. Пятра Папа Ян Павел II удзяліў яму сакру. У парафіяльным доме на Краснапартызанскай, як нагадаў іерарх, размясцілася першая ў сучаснай Беларусі біскупская курыя, дзверы якой не зачыняліся ні днём, ні ноччу.

У гэты дзень, адзначаючы сярэбраны юбілей біскупскай сакры, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч дзякаваў Маці Божай Анёльскай і святому Антонію за 25 гадоў біскупскага служэння і прасіў дапамогі на будучае служэнне. Арцыпастыр таксама падзякаваў сваім бацькам, якія доўгія гады маліліся ў гэтым касцёле і тут чэрпалі сілы для захавання веры і выхоўвання сваіх дзяцей у духу любові да Бога і бліжняга, падзякаваў вернікам, сваім былым парафіянам, за памяць і малітоўную падтрымку.

Гамілію арцыбіскуп завяршыў зваротам да Маці Божай Анёльскай, каб і далей выпрошвала яму ў Бога ласку выконваць Яго волю, як яе выконвала Яна. Іерарх таксама звярнуўся да святога Антонія — апекуна ў пошуку згубленых рэчаў, — з просьбай, каб ён дапамог яму быць прыладай у Божых руках у справе знаходжання веры сучасным чалавекам, які яе згубіў, «каб чалавек заўсёды чуваў і быў падрыхтаваны да прыйсця Пана».

Пасля Імшы вернікі павіншавалі Мітрапаліта з юбілеем і пажадалі яму Божага благаслаўлення.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.