Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне прайшла прыміцыйная Імша кс. Аляксандра Сямінскага
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.11.2014 12:43

9 лістапада ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы) адбылася незвычайная падзея. Урачыстасць прыміцыі сабрала вакол Хрыстовага алтара шмат парафіян і гасцей. Першы раз у сваім жыцці святую Імшу цэлебраваў святар, які паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці — кс. Аляксандр Сямінскі. Новапрэзбітэр шмат гадоў браў актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці.


Урачыстасць прыміцыі распачалася ў родным доме святара, дзе сваё благаслаўленне яму ўдзялілі бацькі.

Пазней ва ўрачыстай працэсіі, у якой новапрэзбітэра суправаджалі дзеці, якія ў гэтым годзе ўпершыню прыступілі да сакрамэнту Эўхарыстыі, святара суправадзілі да касцёла. Дарога да святыні вяла адной з найпрыгажэйшых вуліц, якая была сведкам узнаўлення парафіі. Менавіта на гэтай вуліцы ўсталяваны крыж, пры якім у 1994 годзе была адпраўлена першая ў парафіі Імша.



Святую Імшу кс. Аляксандр Сямінскі ахвяраваў у інтэнцыі ўсіх тых, хто суправаджаў яго на дарозе паклікання. З гаміліяй падчас Імшы звярнуўся ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, які гаварыў пра таямніцы святарства, што з’яўляюцца дарам ад Бога.

«Няхай для цябе найвялікшым дарам будзе тое, што з’яўляешся святаром. Што ўжо песціш у сваіх святарскіх руках Бога. Перадаеш Яму свае рукі, перадаеш Яму свае вусны. Аддаўся Яму цалкам», — звяртаючыся да новапрэзбітэра, прамовіў ксёндз прэлат.

«О, як моцна прагне святы Касцёл мець добрых святароў, каб не ранілі матчынага сэрца Марыі. Каб не змарнавалі вялікага дара паклікання, і што найстрашнейшае, каб з усёй святарскай годнасцю не апынуліся ў пякельнай пучыне», — дадаў святар.



Падчас прывітання новапрэзбітэра падчас працэсіі, як і падчас святой Імшы, можна было ўбачыць у многіх людзей слёзы ўзрушэння на вачах. Зрэшчы і сам святар з узрушэннем у першы раз уласным голасам і прагненнем сэрца «скіраваў» Бога на зямлю.

«Ёсць у жыцці такія прыгожыя і радасныя дні, у якіх неабходна дзякаваць Богу за атрыманыя ласкі, а людзям — за аказаную з дабрынёй дапамогу», — адзначыў напрыканцы Імшы новапрэзбітэр.

«Дар святарства з’яўляецца адным з найвялікшых, а можа, нават і найвялікшым з ласкаў, якія чалавек можа атрымаць ад Бога ў сваім жыцці, — дзякуючы за атрыманы дар святарства, сказаў кс. Аляксандр Сямінскі. — Ласка сакрамэнту святарства сышла на мяне ад Бога праз Беззаганнае Сэрца Марыі. За гэта дзякуем сёння Маці святароў», — дадаў новапрэзбітэр. У сваім слове ён таксама падзякаваў усім тым, хто падтрымаў яго на дарозе паклікання.



Шмат віншаванняў і добрых слоў у той дзень было скіравана да святара. Пад канец Імшы новапрэзбітэр усклаў рукі на галовы вернікаў, удзяляючы благаслаўленне, а тыя, хто прыступіў да святой Камуніі, маглі атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў.

Ксёндз Аляксандр Сямінскі з’яўляецца другім святаром, які паходзіць з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне. Першым быў кс. Юрый Марціновіч, прыміцыйная святая Імша якога была адпраўлена ў парафіі 5 чэрвеня 2010 года.

 

Марына Сядзінеўская, (JLS)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.