Перад урачыстасцю Маці Божай Вастрабрамскай амаль 150 вернікаў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) разам з пробашчам кс. Янам Гавецкім здзейснілі пілігрымку ў Вільню да Вострай Брамы.
«Ксёндз дэкан робіць усё магчымае, каб яго парафіяне маглі ўбачыць святыні, памаліцца там Богу, Дзеве Марыі, а таксама пабачыць розныя месцы, узбагаціць свой далягляд тэмамі і рэлігійнымі, і свецкімі, якія адносяцца да ліку сусветных чалавечых і храсціянскіх каштоўнасцяў, — адзначае ўдзельніца пілігрымкі Вера Гулідава. — Раней гэта была зусім блізкая дарога, а зараз памежныя кардоны, мытні патрабуюць затраты часу. Ды ўсё гэта нішто ў параўнанні з тым, што мы перажылі і адчулі ў Вільні».
Першым прыпынкам для пілігрымаў стала вільнюская Кальварыя, дзе ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа вернікі паслухалі святара, які расказаў пра ўнікальны комплекс гісторыка-архітэктурных пабудоў і запрасіў у другі раз прыехаць менавіта ў Кальварыю, каб прайсці ўсе 35 прыпынкаў Крыжовага шляху са сцэнамі з жыцця Езуса Хрыста.
Іўеўскія парафіяне наведалі «пярліну» архітэктурнага стылю барока — касцёл святых Пятра і Паўла. «Гэтая святыня сваім унутраным дызайнам прымушае заміраць сэрца, працаваць мазгі і святлець душу, — кажа Вера Гулідава. — Храмы — наогул месцы, дзе ніяк не прайсці бяздумна. А ў гэтым касцёле асабліва адчуваеш вялікую сувязь між вечнасцю і сучаснасцю».
Удзельнікі пілігрымкі пабачылі таксама іншыя каталіцкія святыні, наведалі з экскурсаводам Свята-Духаў кафедральны праваслаўны манастыр, прайшліся па вуліцах Вільні, дзе адчуваецца подых стагоддзяў і вялікай гісторыі старажытнага горада і наогул усёй Літвы.
Самай уражваючай і кранаючай душу падзеяй для вернікаў стала Імша ў святыні пад адкрытым небам ля Вострай Брамы. Імшу разам з іншымі святарамі цэлебраваў і пробашч іўеўскай парафіі кс. Ян Гавецкі. «Мы бясконца ўдзячны кс. Яну за такую светлую магчымасць, за тое, што змаглі памаліцца, стоячы на каленях ля самога цудатворнага абраза, за тое, што змаглі душой і сэрцам дакрануцца да святыні, да вечнага», — кажа Вера Гулідава ад імя парафіян. (AG)
|