Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак перадаў благаслаўленне парафіяльнай супольнасці ў Сапоцкіне з нагоды адпустовай урачыстасці
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.11.2014 11:31

16 лістапада парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Тэаліне, Гродзенская дыяцэзія) адзначала адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай.

Ужо шмат гадоў абраз Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай) агорнуты вялікай пашанай у сем’ях і дамах беларускіх вернікаў. У многіх людзей дома ёсць Яе выява. Многія, нягледзячы на перашкоды, якія стварае мяжа паміж дзяржавамі, пілігрымуюць на ўзор сваіх продкаў да Вострай Брамы. Таксама ў гэты дзень шмат вернікаў ушаноўвае абраз у сваіх святынях і дома.

З верай і ўзрушанасцю звяртацца да Маці Божай

 

Вернікі парафіі ў Сапоцкіне ўжо больш за 25 гадоў агортваюць вялікай пашанай абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Да гэтага дня яны кожны год рыхтуюцца праз 40-гадзіннае набажэнства, удзельнічаючы ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. На саму ўрачыстасць вернікі пілігрымуюць з розных вёсак усяго дэканату ў парафіяльную святыню ў Сапоцкіне, каб там маліцца за свае сем’і, блізкіх і ўсю дыяцэзію. Абраз Маці Божай Вастрабрамскай знаходзіцца ў галоўным алтары сапоцкінскай святыні. Маці Божая Вастрабрамская з’яўляецца таксама галоўнай апякункай Гродзенскай дыяцэзіі.

Перад адпустовай Імшой з удзелам запрошаных святароў, шматлікіх гасцей і парафіян адбылася Навэнна да Маці Божай Вастрабрамскай. Вернікі праз заступніцтва Маці Міласэрнасці давяралі Богу свае просьбы і інтэнцыі. Ад імя парафіян іх просьбы агучыў перад абразом кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі. Вернікі на каленях абходзілі прэзбітэрый касцёла, дзе знаходзіцца цудатворны абраз. Перад гэтым абразом, як кажуць яны самі, яны выпрасілі ўжо нямала патрэбных ласкаў і Божае благаслаўленне.

З вялікай верай і ўзрушанасцю ў дзень адпусту сабраныя ішлі на каленях праз прэзбітэрый з ружанцам або малітоўнікам у руках. Кожны з вернікаў жадаў у гэты дзень быць бліжэй да Маці Божай, каб даверыць Ёй усе свае цяжкасці.

Мэта чалавека – дом, дзе чакае міласэрны Айцец

 

Урачыстую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Мыслюк, выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святар адзначыў у гаміліі, што абраз Маці Божай Вастрабрамскай, які знаходзіцца ў Вільні і на якім Марыя прадстаўлена з крыху нахіленай галавой, вельмі блізкі сэрцам беларускіх вернікаў. “Прыкрытыя вочы, далікатна скрыжаваныя на грудзях рукі, постаць, абрамленая паўмесяцам, Яе прывабнасць, мяккасць, незвычайная слодыч і клапатлівасць выклікаюць давер і схіляюць да малітвы”, - сказаў святар.

“Марыя вучыць нас, як спалучыць нашы жыццёвыя шляхі з мэтай хрысціянскага жыцця, якой ёсць збаўленне і жыццё вечнае. Яна нагадвае, што канчатковай мэтай нашага жыцця з’яўляецца сапраўдны дом, дзе Нябесны Айцец чакае кожнага з нас, - дадаў кс. Віктар Мыслюк. – Марыя паказвае ўсім людзям, што няма прыгажэйшага і лепшага шляху, чым трыванне пры сваім Настаўніку, крочанне разам з Ім на кожным этапе жыцця, злучэнне сваіх крокаў з Ягонымі, сваіх дзён з Ягонымі”.

Святар заахвоціў усіх прысутных з адвагай і адкрытасцю ўваходзіць у школу Марыі, бо толькі там можна навучыцца прыгожаму і добраму жыццю.

На заканчэнне Імшы вернікі даведаліся, што Святы Айцец Францішак з нагоды парафіяльнага адпусту ўдзяляе з усяго сэрца Апостальскае благаслаўленне душпастырам і вернікам гэтай парафіяльнай супольнасці.

 

Урачыстасць завяршылася Літаніяй да Маці Божай (Ларэтанскай) і эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.