23 лістапада, у нядзелю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, так званую «семінарыйную нядзелю», навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі некаторыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам з вернікамі памаліцца аб новых пакліканнях да асаблівай службы Богу.
У гэты дзень па традыцыі ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі збіраліся ахвяраванні на ўтрыманне семінарыі ў Гродне. Карыстаючыся нагодай, навучэнцы семінарыі дзякуюць вернікам дыяцэзіі за малітвы ў інтэнцыі новых пакліканнях да служэння ў Касцёле, у інтэнцыі семінарыі, а таксама за матэрыяльны клопат аб гэтай навучальнай установе.
Семінарыя ў Гродне, як і Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску, функцыянуе дзякуючы зычлівасці і ахвярнасці вернікаў, якія складаюць ахвяраванні і моляцца ў іх інтэнцыі. У гэтых установах дзякуючы падтрымцы многіх людзей могуць рыхтавацца да служэння ў Касцёле новыя святары, якія пасля праходжання духоўнай, інтэлектуальнай і чалавечай фармацыі будуць несці Божае слова ў Беларусі.
Выкладчыкі і навучэнцы семінарыі ў Гродне выехалі ў парафіі дыяцэзіі, каб асабіста сустрэцца з вернікамі, падзякаваць ім за малітвы і дары, а таксама разам з імі прыняць удзел ва ўрачыстасці Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. У гэты дзень у парафіях семінарысты агучылі ліст рэктара гродзенскай семінарыі кс. д-ра Рамана Рачко, скіраваны да вернікаў дыяцэзіі.
У лісце рэктар семінарыі адзначае: «Свет патрабуе добрай весткі пра любоў і міласэрнасць, патрабуе тых, хто будзе абвяшчаць любоў Бога. Таму просім вас, дарагія хрысціяне, у адпаведнасці з заахвочваннем Езуса маліцца за тых, хто працуе на жніве Пана: маліцеся ў сваіх парафіяльных супольнасцях і ў сем’ях аб пакліканнях да святарства і закону, каб не было недахопу ў тых, хто, нягледзячы на тое, што самі слабыя і грэшныя, але усё ж з верай і даверам у Божую дапамогу, пойдзе да ўсіх, хто чакае той добрай навіны пра любячага Бога».
«Ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста я хацеў бы падзякаваць вам за малітвы, за ўсё добрае, што вы робіце для нас, а таксама за вашы матэрыяльныя ахвяраванні, якія вы складаеце на ўтрыманне нашай семінарыі, — дадае рэктар. — Перад намі цяжкі зімовы перыяд, падчас якога значна павялічваецца кошт утрымання семінарыі. Але я перакананы, што дзякуючы вашай дабрыні мы зможам спакойна працягваць фармацыйную працу». Ксёндз доктар Раман Рачко запэўнівае вернікаў у малітве семінарыйнай супольнасці за іх, а таксама нагадвае, што святая Імша за ахвярадаўцаў і дабрадзеяў семінарыі адбудзецца 8 снежня, а акрамя таго праводзіцца ў апошні дзень кожнага месяца. Поўны тэкст ліста>>>
Збіранне ахвяраванняў адбылося ў гэты дзень і ў іншых дыяцэзіях Беларусі. Гэтыя ахвяраванні прызначаюцца на ўтрыманне Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.
Зараз шлях святарскага паклікання распазнаюць 33 навучэнцы ў семінарыі ў Гродне і 14 у семінарыі ў Пінску.
(JM)
|