Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Cantate Domino: юбілейны канцэрт дыяцэзіяльнага хору прайшоў у катэдры ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
23.11.2014 14:49 |
Юбілейны канцэрт хору Cantate Domino Гродзенскай дыяцэзіі, прысвечаны 15-годдзю калектыва, прайшоў 22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі і спеваў, у касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. На пачатку адбылася ўрачыстая Імша ў інтэнцыі хору Cantate Domino, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што ўспамін св. Цэцыліі – добрая нагода для таго, каб выказаць удзячнасць Богу за ўсіх тых, хто разумее словы св. Аўгустына: “Qui cantat bene, bis orat”, што азначае: “Хто добра спявае, моліцца двойчы”.Кажучы пра св. Цэцылію, апякунку арганістаў, харыстаў і тых, хто стварае касцёльную музыку, іерарх наблізіў удзельнікам Імшы постаць той, для якой “смерць дзеля Хрыста была звычайным і натуральным вызнаннем веры”. “Святая Цэцылія не была толькі слухачом словаў Праўды: яна будавала свой дом на скале – на Евангеллі, на Хрысце”, - заўважыў біскуп. Пасля Імшы адбыўся юбілейны канцэрт, які сабраў шматлікіх слухачоў з усяго горада. На канцэрце прысутнічалі таксама родныя і сябры ўдзельнікаў хору. Падчас канцэрту, дырыжорам на якім быў кіраўнік хору Генрых Давідовіч, прагучала шмат твораў. Праз спеў удзельнікі хору жадалі данесці да прысутных Бога, да якога можна звяртацца таксама з дапамогай музыкі. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім тым, хто праз спеў спрыяе будаванню Валадарства Божага на зямлі, за час, які ўдзельнікі хору прысвячаюць на рэпетыцыі і выступленні, і папрасіў іх і надалей дадаваць сваім спевам прыгажосці касцёльным урачыстасцям у дыяцэзіі і далёка за яе межамі. Іерарх заахвоціў харыстаў не марнаваць талентаў, атрыманых ад Бога, а ўмела і з радасцю выкарыстоўваць іх на хвалу Пана. Першае выступленне хору Cantate Domino адбылося ў сакавіку 1999 года ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец), дзе і быў створаны хор. Аднак у хуткім часе хор выйшаў за межы парафіі і пачаў выступаць і ў іншых парафіях дыяцэзіі. У хоры спяваюць 43 чалавекі. З самага пачатку кіраўніком хору з’яўляецца Генрых Давідовіч. Хор выконвае спевы на трох мовах: польскай, лацінскай і беларускай. Рэпертуар калектыву складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў класічнай музыкі. (JLS), (JM) |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.