30 лістапада ў пабрыгідскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне завяршыліся XII рэкалекцыі цвярозасці. На рэкалекцыях прысутнічала больш за 60 удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі.
Як распавёў Юрый Гапонік, кіраўнік душпастырства цвярозасці з боку свецкіх па Гродзенскай дыяцэзіі, сёлетнія рэкалекцыі былі прысвечаны Святому Пісанню і яго ролі ў жыцці хрысціяніна.
Рэкалекцыйныя навукі, якія прамаўляў кс. Аляксандр Пятровіч, адказны за душпастырства цвярозасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, канцэнтраваліся вакол Святога Пісання. Іх мэтай было заахвоціць удзельнікаў адкрываць нанова вартасць Божага слова, якое павінна быць штодзённым хлебам кожнага хрысціяніна.
У заключнай канферэнцыі святар адзначыў: «Святое Пісанне павінна заўсёды весці чалавека да любові і ні ў якім выпадку не да нянавісці». Паводле слоў святара, Божае слова павінна вызначаць дарогу, па якой чалавек крочыць да свайго выніковага прытулку, якія з’яўляецца збаўленне.
Ксёндз Аляксандр Пятровіч падаў таксама практычныя рэкамендацыі, як належыць добра чытаць Святое Пісанне, каб яно было зернем, якое, упаўшы ў глыбіню душы чалавека, прыносіла б плён у штодзённым жыцці.
Святую Імшу на заканчэнне рэкалекцый узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што вельмі добра, што рэкалекцыі адбываюцца на парозе новага літургічнага года, першым этапам якога з’яўляецца Адвэнт. Іерарх заахвоціў, каб час Адвэнту быў для ўсіх часам сапраўднага навяртання.
«Прымаючы ўдзел у эўхарыстычнай Ахвяры, слухаючы і разважаючы над Божым словам, а таксама выконваючы рэлігійныя абрады, звязаныя з гэтым літургічным перыядам, мы зноў будзем схіляцца над вялікай таямніцай любові Бога да чалавека», — дадаў біскуп.
У праграме рэкалекцый былі святыя Імшы, канферэнцыі, Крыжовы шлях, споведзь і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.