180-годдзе адзначыла капліца ў Падзітве |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
01.12.2014 14:38 |
30 лістапада капліца Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай у Падзітве (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) адзначыла 180-годдзе. У святкаванні прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гэтая капліца невялікая, але мае сваю гісторыю. Яна знаходзіцца побач з беларуска-літоўскай мяжой, і раней, калі мяжы яшчэ не было, вернікі з Падзітвы і наваколля належалі да парафіі Эйшышкі ў Літве. Таксама яны да ўзнікнення межаў хавалі там на мясцовых могілках сваіх памерлых блізкіх. Зараз іх аддзяліла мяжа, аднак капліца, у якой яны некалі маліліся, таксама кожную нядзелю і святы напоўнена вернікамі. Біскупу Аляксандру Кашкевічу гэтыя вернікі вельмі блізкія, а самі яны кажуць пра іерарха: «Гэта наш зямляк!» Парафія Эйшышкі, да якой раней адносілася капліца ў Падзітве — родная парафія гродзенскага ардынарыя. На ўрачыстасці 180-годдзя з часу асвячэння капліцы прыбылі шматлікія вернікі, якім неабыякавы лёс гэтай святыні. У гэты дзень яны маліліся за фундатараў святыні, за тых, хто наведваў гэтую капліцу і паспрыяў таму, што яна надзвычай добра захавалася. Парафіяне ўзгадалі таксама пра ўсіх святароў, якія маліліся разам з імі і ўдзялялі сакрамэнты, асабліва пра кс. Юзафа Ашкіловіча, які калісьці быў пробашчам у эйшышскай парафіі і прыклаў шмат намаганняў, каб гэтая капліца была адчыненай. Біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ўзначаліў Імшу, маліўся за ўсіх парафіян і жыхароў ваколіцы. У гаміліі гродзенскі ардынарый узгадаў, што «пачатак Адвэнту павінен быць для кожнага пачаткам навяртання», дадаўшы, што Касцёл у Беларусі распачынае Год навяртання. «Сёння навяртанне патрэбна кожнаму чалавеку. Нам трэба навярнуцца да Бога, бо менавіта Ён крыніца нашага збаўлення», — сказаў іерарх. «Заклік да навяртання падкрэслівае неабходнасць глыбейшага практыкавання сакрамэнтальнага жыцця. Аднак гэта можа наступіць толькі тады, калі чалавек адкрые, наколькі вялікім багаццем з’яўляюцца святыя сакрамэнты, — адзначыў біскуп. — Год навяртання павінен дапамагчы нам лепш зразумець небяспеку граху і перажывацца намі як час навяртання, асабістага і супольнага аднаўлення праз спатканне з Хрыстом і ўмацавання на шляху веры. Гэта павінна весці нас да ўдзелу ў жыцці супольнасці, да таго, каб прасіць аб ласцы навяртання для нашых блізкіх і дапамагаць ім праз слова і сведчанне нашага хрысціянскага жыцця». Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |