6 снежня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя шэсць навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі дыяканскае пасвячэнне. Удзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На ўрачыстай Імшы сабраліся выкладчыкі гродзенскай семінарыі, духавенства, сёстры законныя, родныя і знаёмыя новых дыяканаў. Таксама ў Імшы прымаў удзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Новымі дыяканамі сталі:
- Андрэй Белаблоцкі, паходзіць з парафіі Cв. Францішка Ксаверыя (катэдра) у Гродне
- Павел Скуба, паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы
- Дзмітрый Папянюк, паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне
- Часлаў Ладыка, паходзіць з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку
- Ян Варанецкі, паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне
- Віталь Пяткевіч, паходзіць з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.
Новыя дыяканы абавязуюцца да вернага і сумленнага выканання задач, якія вынікаюць з пасвячэння, да захоўвання цэлібату і еднасці з біскупам, да дапамогі святарам у выкананні літургічных дзеяў, малітвы Літургіі гадзін і служэння Хрысту ў Яго Касцёле.
Несці дапамогу патрабуючым
Біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі звярнуў увагу на ролю пасвячэння дыяканату і дзеяў, якія вынікаюць з прынятага пасвячэння.
Звяртаючыся да дыяканаў, іерарх сказаў: “Вы будзеце вялікай дапамогай для святароў і свайго біскупа. Будзеце абвяшчаць Божае слова і навучаць усіх тых, да каго вас пашле Касцёл”.
“Вы былі выбраны сярод многіх людзей, - дадаў пінскі ардынарый. – Сёння вы становіцеся духоўнымі асобамі, будзеце належаць да асаблівай групы, якую выбраў і палюбіў Пан, які будзе вамі апекавацца”. Па словах іерарха, праз гэтае пасвячэнне Бог дае новым дыяканам канкрэтныя задачы, жадае, каб яны былі “руплівымі і вытрывалі ў тым, да чаго Ён вас паклікаў, былі да канца вернымі ў гэтым пакліканні”.
Біскуп нагадаў пра важнасць рэгулярнай малітвы ў жыцці святара, заклікаў новых дыяканаў “быць вернымі малітве Літургіі гадзін”, “любіць малітву індывідуальную і ў супольнасці”.
Таксама біскуп заахвоціў прымаючых пасвячэнне да апекі над тымі, якія патрабуюць дапамогі, “хто найбольш пакутуе, бо яны найбольш блізкія да крыжа”, заклікаў да таго, каб асаблівым клопатам яны атачалі тых, хто згубіўся ў веры, якія далёка ад Касцёла і Хрыста. “Несці дапамогу патрабуючым – ваша задача”, - дадаў іерарх, узгадваючы словы Папы Францішка, які заахвочвае да апекі над гэтымі людзьмі.
Словы ўдзячнасці ўсім тым, хто дапамог прыйсці да Хрыстовага алтара і падтрымліваў малітоўна, выказаў ад імя новапасвечаных дыякан Павел Скyба.
Быць пакорным слугой Пана
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што праз факт прыняцця пасвячэння кожны свядома выбраў паставу слугі і перад пасвячэннем аб’явіў гэта Богу, Касцёлу і сваім блізкім.
“У сённяшнім грамадстве пастава слугі не ў модзе, але толькі такая пастава адпавядае вучню Хрыста, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх (Мц 20, 28)”, - сказаў іерарх, дадаўшы, што да паставы слугі трэба ўзрастаць безупынна: «Гэтую паставу служэння трэба выбіраць штораз нанова. Штодня трэба нанова хацець служыць Богу і чалавеку, як вучыць нас сам Хрыстус і Яго Маці - пакорная Слуга Пана».
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў бацькам новых дыяканаў за тое, што выхавалі сваіх сыноў здольнымі прыняць цяжкое і ганаровае заданне службы Касцёлу.
Сённяшняму свету патрэбны святары, адкрытыя на дзеянне Божай ласкі. Хочацца пажадаць, каб новыя слугі алтара Гродзенскай дыяцэзіі былі заўсёды адкрытыя на дзеянне Духа Святога і супрацоўнічалі з ласкай Пана. Спеў “Ідзіце па ўсім свеце і навучайце ўсе народы”, які гучаў падчас Імшы, нагадваў сабраным, асабліва самім новым дыяканам, што жніво ўсё яшчэ вялікае, а работнікаў мала.
Кс. Юрый Марціновіч
|