З 12 па 14 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім) у Гродне прайшлі рэкалекцыі для працаўнікоў службы аховы здароўя. Дэвізам рэкалекцый сталі словы з Другога Паслання св. апостала Паўла да Цімафея: «Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання…».
У адвэнтавых рэкалекцыях, якія ў гродзенскім Душпастырстве службы аховы здароўя сталі традыцыйнымі, прынялі ўдзел каля 70 чалавек. Рэкалекцыйныя навукі прамаўляў кс. Андрэй Рылка, разам з якім медыкі на мінулых рэкалекцыях разважалі над пытаннямі веры. Сёлетнія сустрэчы сталі своеасаблівай практыкай веры з Божым словам. Іх мэтай было нанова адкрыць багацце Божага Слова, адчуць патрэбу штодзённага духоўнага кантакту са Словам, каб Святое Пісанне стала настольнай кнігай кожнага веруючага медыка.
Падчас духоўных практыкаванняў кс. Андрэй Рылка шмат казаў пра тое, што Бог пакінуў людзям сваё Слова, каб навучыць іх, дапамагчы ўвайсці ў блізкія адносіны з Ім, убачыць сваё жыццё і ўвесь свет такімі, якімі іх бачыць Бог. Святар адзначыў, што Божае слова абуджае, адкрывае і вядзе да навяртання. Як адзначыў рэкалекцыяніст, важна, каб Слова пачало казаць, пранізваць усе сферы асобы: фізічную, псіхічную, і духоўную, каб Бог пачаў лячыць чалавека.
Рэкалекцыяніст падкрэсліў, што Святое Пісанне з’яўляецца кнігай выратавання кожнага чалавека: «Бог можа самыя цяжкія жыццёвыя драмы перамяніць у сваю хвалу і нашае выратаванне». У канферэнцыях кс. Андрэй Рылка даў практычныя парады для малітвы з Божым словам, падзяліўся мудрасцю Айцоў Касцёла, а таксама спыніўся на праблемах разумення і інтэрпрэтацыі Бібліі.
Важнай часткай рэкалекцый былі практычныя дамашнія заданні і малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Кожны ўдзельнік меў магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і магчымасць прыватнай гутаркі. Рэкалекцыі па традыцыі завяршыліся ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Паводле grodnensis.by (AG) Фота grodnensis.by
|